Пайшоў з жыцця Антон Фурс, дзеяч беларускага нацыянальнага супраціву, вязень ГУЛАГу

У Паставах на 95-м годзе жыцця памёр Антон Фрус, які навучэнцам Глыбоцкай педагагічнай гімназіі разам з сябрамі заснаваў нелегальнае таварыства — Саюз беларускіх патрыётаў, што ставіла перад сабою культурна-асветніцкія, адраджэнскія мэты.
Антон Фурс. Фото Ігара Мацьвеева

У 1947 годзе быў асуджаны да 25-гадовага пазбаўлення волі. Прымаў удзел у паўстанні лагераў КАРЛАГу ў 1955 г. Пасля 9-гадовага зняволення на кароткі час вярнуўся на радзіму, але вымушаны быў надоўга з’ехаць на працу ў Казахстан, бо на будоўлі Наваполацка былога вязня бачыць не пажадалі. Вернай спадарожніцай жыцця яму стала Алеся Умпіровіч з пастаўскай групы Саюза беларускіх патрыётаў, што ў тыя ж гады вызвалілася з лагера.

У 1982 годзе Антон Фурс разам з жонкай пераехаў у Паставы. Пасля рэабілітацыі ў 1992 годзе актыўна спрацоўнічаў з шэрагам незалежных беларускіх выданняў, напісаў успаміны, быў дзейсным сябрам Таварыства беларускай мовы.

Пра жыццё сваё і сваіх сяброў распавядаў: «Мы былі халоднымі і галоднымі, мы не мелі маладосці — яна была бессаромна распятая на калючым дроце. Але ж мы не шкадуем ні аб чым, бо засталіся людзьмі — і тады, калі большасць спявала хвалу тырану, і тады, калі былі ў няволі, і калі вярнуліся з лагеру. Дзе б мы ні знаходзіліся, думалі пра свой народ і сваю Бацькаўшчыну».

Пахаванне адбылося 20 кастрычніка, спачыў барацьбіт за незалежнасць Радзімы на могілках у Паставах.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ