Памёр яшчэ адзін выкладчык ВДУ — загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Генадзь Арцямёнак

12 красавіка на 62-м годзе жыцця памёр загадчык кафедры беларускага мовазнаўства ВДУ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Генадзь Антонавіч Арцямёнак. Развітацца з ім можна будзе ў аўторак.
Генадзь Арцямёнак

Генадзь Антонавіч нарадзіўся 09.01.1960 у вёсцы Кадлубішчы Докшыцкага р-на Віцебскай вобласці. Ва ўніверсітэце (раней – Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С.М. Кірава) пачаў працаваць з кастрычніка 1981 г. пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1986 г. паспяхова скончыў аспірантуру БДУ. У 1988 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1993 г. Арцямёнку Генадзю Антонавічу было прысвоена вучонае званне дацэнта. Стаж навуковай працы – 40 гадоў.

Арцямёнак Генадзь Антонавіч узначальваў кафедру беларускага мовазнаўства з кастрычніка 2000 г. Абавязкі загадчыка кафедры выконваў на высокім арганізацыйным, навуковым і прафесійным узроўні. Гэта быў адказны, кампетэнтны кіраўнік. Высокаэрудзіраваны ў галіне агульнай лінгвістыкі і беларусазнаўства, ён добра ведаў найноўшыя дасягненні філалагічнай навукі, якімі шчодра дзяліўся з калегамі і студэнтамі.

Арцямёнак Генадзь Антонавіч плённа займаўся навукова-даследчай дзейнасцю: больш за 100 навуковых і вучэбна-метадычных прац годна ўзбагацілі айчынную лінгвістыку. На працягу 15 гадоў кіраваў навукова-даследчымі тэмамі кафедры Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў. З’яўляўся ініцыятарам стварэння “Рэгіянальнага слоўніка Віцебшчыны”. Кіраваў навуковым аўтарскім калектывам унікальнага лексікаграфічнага выдання “Рэспубліка Беларусь: Лінгвакраіназнаўчы слоўнік”. Пад яго мудрым кіраўніцтвам вынікова рыхтаваліся студэнцкія навукова-даследчыя працы. Актыўна ўдзельнічаў ў абмеркаванні і экспертызах навуковых прац выкладчыкаў і аспірантаў.

Арцямёнак Генадзь Антонавіч шмат увагі ўдзяляў працы з настаўнікамі і вучнямі Віцебскай вобласці, карыстаўся ў іх заслужанай павагай і аўтарытэтам. Вылучаўся ініцыятыўным, творчым падыходам да справы і арганізатарскімі здольнасцямі. Быў шчырым і спагадлівым да калег, мог знайсці індывідуальны падыход да кожнага, з кім меў стасункі. Яго любілі і паважалі студэнты, захапляючыся яго дасведчанасцю і чалавечнасцю. Імя Генадзя Антонавіча добра вядома ў філалагічным настаўніцкім асяроддзі.

Да апошніх дзён жыцця Арцямёнак Генадзь Антонавіч займаў актыўную жыццёвую пазіцыю, хутка рэагаваў на любую новую сітуацыю і мог самастойна прымаць аптымальныя рашэнні.

Неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі, граматамі і ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, Віцебскага гарвыканкама, упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, ВДУ імя П.М. Машэрава. Быў занесены на Дошку гонару ўстановы адукацыі “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава”. У 2009 г. атрымаў нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”. Кіраўніцтва факультэта і ўніверсітэта высока цэніць Генадзя Антонавіча Арцямёнка за яго грамадзянскія, прафесійныя і чалавечыя якасці.

Генадзь Антонавіч быў добрым мужам і аўтарытэтным бацькам, шчырым, прыязным і сумленным чалавекам.

Генадзь Антонавіч Арцямёнак назаўжды застанецца ў памяці ўсіх, хто яго ведаў, таленавітым даследчыкам, інтэлігентным, мудрым кіраўніком, прынцыповым выкладчыкам, светлым чалавекам, які вельмі любіў жыццё, працу, людзей. Вечная памяць!

Развітанне з Генадзем Антонавічам Арцямёнкам адбудзецца 13 красавіка з 8:50 да 10:50 па адрасе Гагарына, 4.

Паводле афіцыйнага сайта ВДУ.

  • 12
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ

Каментаваць

Вы павінны увайсці каб каментаваць.

Можна ўвайсці праз: