Як разарваць зачараванае кола з аднаўленнем касцёла св. Антонія і калі ў беларускім войску з’явяцца капеланы? Чытайце адказы біскупа Алега Буткевіча

На традыцыйнай перадкаляднай сустрэчы з журналістамі біскуп Алег Буткевіч разважаў пра сустрэчу з Папам, аднаўленне храма святога Антонія ў цэнтры Віцебска, а таксама пра сацыяльныя праекты каталіцкага касцёла.
Сустрэча віцебскага біскупа Алега Буткевіча з журналістамі. Фота Барбары Церашковай

Значная падзея для ўсяго касцёла на Беларусі

Так абазначыў біскуп статус мерапрыемства, у якім ён сам будзе ўдзельнічаць упершыню. Візітацыя Ad limina Apostolorum – свайго роду справаздача аб дзейнасці касцёла ў нашай краіне з 2009 года (у гэтым годзе адбылася мінулая візітацыя). Здзейсніць яе канферэнцыя каталіцкіх біскупаў. А самым важным пунктам падзеі будзе сустрэча з Папам Рымскім.

Візітацыя, лічыць Алег Буктевіч, дазволіць не толькі дакрануцца да крыніцаў хрысціянства, агучыць надзённыя праблемы, але і атрымаць адказ на пытанне, калі мы можам спадзявацца на прыезд Папы ў Беларусь.

Прыемна адчуць супрацоўніцтва касцёла з грамадскімі ўстановамі

Расказваючы пра сацыяльныя праекты, у якіх прымае ўдзел каталіцкая царква, найбольшы акцэнт Алег Буткевіч зрабіў на дзейнасць дабрачыннага каталіцкага таварыства “Карытас”:

– Касцёл актыўна дапамагае тым, хто знаходзіцца ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Наш віцебскі “Карытас” актыўна працуе з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Арганізаваны нават групы, дзе яны навучаюцца танцам на калясках. І небезпасьпяхова: сёлета з маскоўскага конкурса віцебскія танцоры-калясачнікі прывезлі медалі. Аддзелы “Карытас” працуюць пры розных парафіях. І калі чалавек трапляе ў цяжкую сітуацыю, касцёл не зважае на канфесійную прыналежнасць: любы можа прыйсці туды і атрымаць дапамогу.

Каталіцкія святары атрымліваюць запрашэнні прыняць удзел у школьных сустрэчах, у некаторых выпадках, калі на тое ёсць згода кіраўніцтва, падтрымліваюць вернікаў, што служаць у войску.

– Ва ўсім свеце ёсць інстытут святароў-капэлянаў. У нас яго не існуе ні для каталіцкай, ні для праваслаўнай царквы, – заўважыў Біскуп. – Да таго ж, не маючы дамовы паміж касцёлам і дзяржавай, мы не можам на афіцыйным ўзроўні супрацоўнічаць з грамадскімі ўстановамі. Цяжка прагназаваць, калі патрэбны дакумент будзе падпісаны. Але імкненне да гэтага і праца над дамовай павінна быць абаюднай: і з боку касцёла, і з боку дзяржавы.

Замкнёнае кола і касцёл святога Антонія

Працы па аднаўленню каталіцкага храма – адной з архітэктурных дамінант гістарычнага цэнтра горада – патроху прасоўваюцца наперад. Аднак, атрымаўшы дазвол на археалагічныя даследванні, касцёл трапіў у сітуацыю, якую Алег Буткевіч назваў замкнёным колам:

– Найбольшая праблема – атрыманне дазволу з боку апарату упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Адміністрацыі прэзідэнта. Каб атрымаць дазвол на перадпраектныя працы, мы павінны падцвердзіць свае фінансавыя магчымасці. Але пачаць афіцыйна збор сродкаў на пабудову касцёла мы можам толькі пасля таго, як будзем упэўнены, што нам гэта зямля выдзелена. Дзе разарваць гэтае кола – пакуль адкрытае пытанне.

Біскуп заўважыў, што за амаль 20 год існавання дыяцэзіі было пабудавана шмат касцёлаў і ў Віцебску, і ў вобласці. І амаль у кожным выпадку на пачатак будаўніцтва не было патрэбнай сумы. Да таго ж, адказаць на пытанне, якая канчатковая сума патрэбна, можна толькі маючы праект.

Акрамя працы над аднаўленнем касцёла святога Антонія, Віцебская дыяцэзія ў бліжэйшы час плануе ўзвядзенне яшчэ двух храмаў. Ужо атрыманы дазвол на будаўніцтва ў мікрараёне Білева. У новым раёне ёсць нямала вернікаў, але пакуль набажэнствы адбываюцца ў арэндаваным памяшканні.

Вядуцца працы па пабудове другога касцёла ў Паставах. Ужо ўзведзена капліца і ёсць усе спадзяванні, што літургія на Божае Нараджэнне адбудзецца ў ёй.

З жалем гаварыў Біскуп пра разбураныя храмы ў рэгіёнах, дзе каталіцкія парафіі не вельмі шматлікія. З вялікім болем ён прыгадваў касцёл у Смалянах: храм XVII узнавіць немагчыма, бо укладанне сродкаў несуразмерна з колькасцю каталікоў. На жаль, нават на кансервацыю будынка грошай пакуль няма.

Раство ў Віцебску

Святочныя падзеі ў горадзе пачнуцца задоўга да 25 снежня. У катэдральным касцёле Езуса Міласэрднага ўжо прайшла выстава мастацкіх прац дзяцей і настаўнікаў гарадскіх школ. З 15 снежня яе можна пабачыць у Мастацкім музее. Адбудуцца традыцыйныя мерапрыемствы - Конкурс батлеек у Віцебску і Конкурс каляднай песні ў Мёрах.

Прамая трансляцыя свята Божага нараджэння сёлета будзе адбывацца з Полацка. Вілігійная святая Імша пастэрка пачнецца а 21 гадзіне 24 снежня ў касцёле святога Андрэя Баболі. Гэтым выбарам касцёл яшчэ раз падкрэслівае значнасць юбілею – 500-годдзя перакладу святога пісання Бібліі на беларускую мову.

Расклад святых Імшаў на 24 і 25 снежня ў парафіях Віцебска

Парафія Святой Барбары (вул.Ленінградская, 29)

  • 24 снежня – Вігілія – 23.00
  • 25 снежня – 09.00, 10.30, 12.00, 15.00, 18.00

Парафія Святога Духа (вул.Чкалава, 5а)

  • 24 снежня – Вігілія – 23.00
    • 25 снежня – 11.00, 17.00

Катэдральны касцёл Езуса Міласэрнага (вул.В.Інтэрнацыяналістаў, 28)

  • 24 снежня – Вігілія – 22.00
  • 25 снежня – 09.30, 11.30 (цэлебруе Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч), 18.00

Парафія Святога Антонія (вул.Гагарына, 26а)

  • 24 снежня – Вігілія – 22.00
  • 25 снежня – 10.00, 12.00

Парафія Святога Уладзіслава (вул.Генерала Іваноўскага, 5)

  • 24 снежня – Вігілія – 22.00
  • 25 снежня – 10.00
Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ