Як будзе выглядаць памятны знак «Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці»?

Сёлета самы старажытны горад Беларусі адзначае сваё 1155-годдзе. У гонар знамянальнай падзеі будзе адкрыты памятны знак “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці”. Каб знайсці яго найлепшае архітэктурна-мастацкае вырашэнне, Міністэрства культуры, Віцебскі абласны і Полацкі раённы выканаўчыя камітэты правялі конкурс эскізных праектаў, на які было пададзена 10 заявак.
Макет памятнага знака “Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці”. Фота Ларысы Малашэни / «Витебские вести»

У выніку журы аддало перавагу працы мінскага скульптара Уладзіміра Піпіна, які выкладае спецыяльныя дысцыпліны ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і плённа сумяшчае педагагічную дзейнасць з творчасцю. Яго скульптурныя кампазіцыі ўсталяваны ў Оршы, Магілёве, Мсціславе, Гродне, польскіх гарадах Ломжа і Сувалкі, трохфігурны рэльеф на тэмы беларускіх народных святаў упрыгожвае Палац Незалежнасці ў Мінску.

Нарадзіўся Уладзімір Анатольевіч ў Оршы, а таму да віцебскай зямлі мае непасрэднае дачыненне. Спецыяльна для чытачоў нашай газеты ён пагадзіўся прыадчыніць таямніцу творчай задумы.

– Я вельмі люблю Полацк і разумею ўсю адказнасць сваёй задачы. Магчымасць рэалізаваць такі знакавы праект – для мяне вялікі гонар, – сказаў скульптар.

Што ўяўляе сабой прапанаваная ім кампазіцыя? Гэта шматгранны метафарычны вобраз сусветнага гучання: з аднаго боку – калыска, з якой пачынаецца жыццёвы шлях, з другога – ладдзя, што плыве з мінулага ў будучыню па хвалях часу.

На шчытах, злучаных паміж сабой у адзіную звязку, будуць адлюстраваны партрэтныя выявы знакамітых гістарычных асоб - ад першага полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды да легендарнага Усяслава Чарадзея і вялікай асветніцы Еўфрасінні Полацкай. На адваротным баку плануецца размясціць ключавыя даты станаўлення нашай дзяржаўнасці, тэксты з летапісаў, магчыма, цытаты сучасных аўтараў.

Над праектам скульптар працуе разам з доктарам архітэктуры Арменам Сардаравым -- дэканам архітэктурнага факультэта БНТУ, вядомым беларускім навукоўцам і педагогам. Нядаўна аўтары наведалі Полацк, каб адчуць атмасферу горада, зверыць пазіцыі з прадстаўнікамі раённай адміністрацыі і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Спачатку меркавалася, што помнік будзе ўсталяваны з заходняга боку Сафійскага сабора, там, дзе ў ХI ст. знаходзіўся галоўны фасад храма. Але пасля паўторнага агляду тэрыторыі ўзнікла новая прапанова – вынесці кампазіцыю на бераг ракі.

– Заходняя Дзвіна – не проста водная артэрыя, – патлумачыў Армен Сардараў. Па ёй праходзіў вялікі шлях “з вараг у грэкі”, які ў многім паўплываў на гістарычны лёс краіны. З Візантыі прыйшло хрысціянства ўсходняга абраду, варагі прынеслі пачаткі палітычнага ладу. Сафійскі сабор у Полацку быў пабудаваны і як знак рэлігіі, веры, і як сімвал дзяржаўнасці, духоўнай каардынаты. Усё сплялося ў адной кропцы. А напоўнены глыбінным сэнсам вобраз калыскі-ладдзі якраз увасабляе гэты рух часу, звязвае падзеі.

Набліжэнне памятнага знака да ракі дапаможа не толькі падкрэсліць сувязь са старажытным гандлёвым шляхам, але і стварыць дадатковыя месцы агляду з моста праз Дзвіну і супрацьлеглага берага ракі, па-іншаму арганізаваць прастору і турыстычны маршрут. І полацкая зямля, і наогул Віцебшчына, упэўнены Армен Сардараў, маюць велізарны патэнцыял для развіцця турызму дзякуючы ўнікальнаму спалучэнню цудоўнай прыроды, багатай гісторыі і самабытнай культуры.

Канчатковую версію скульптурнай кампазіцыі зацвердзіць Рэспубліканскі мастацкі савет па манументальным і манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Адкрыццё памятнага знака будзе адной з цэнтральных падзей праграмы Дня беларускага пісьменства, што пройдзе ў Полацку ў першыя выхадныя верасня. Галоўнымі тэмамі агульнанацыянальнага свята стануць 1155-годдзе беларускай дзяржаўнасці і 500-годдзе айчыннага кнігадрукавання.

Ларыса Малашэня - «Витебские вести»

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ