У Гарадку пачалі замыкаць калонкі з вадой
Са студзеня месяца камунальныя службы Гарадка пачалі працу па ўсталяванню замкоў на водазаборных калонках. Першымі замкнулі калонкі па вуліцы Невельская шаша і каля яе.
Праца па замыканню калонак пачалася пасля студзеньскага павышэння кошту вады па рашэнню Віцебскага аблвыканкаму. Нагадаем, што кошт кубаметру вады вырас на 90% і зараз складае 0,5301 рубля замест 0,2790 рубля, якой яна стала пасля сакавіцкага зніжэння тарыфаў у 2016 годзе.
Камунальныя службы тлумачаць замыканне калонак тым, што водаразбор з іх адбываецца большы, чым нарматыўнае спажыванне. І гэтую розніцу вымушана кампенсаваць Гарадоцкае прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак. Жыхары ж прыватнага сектару, якія аплачваюць гэта спажыванне ў памеры 80 капеек у месяц, па нарматыву спажываюць да 1 500 літраў вады ў месяц. Спецыялісты водаправоднай службы лічаць, што жыхары шматкватэрных дамоў неабмежавана карыстаюцца вадой з калонак. А летам да іх дадаюцца дачнікі, якія таксама набіраюць ваду з калонак.
У Гарадку праца па замыканню вады пачалася з калонкі па Невельскай шашы, што каля крамы «Надзея» і побач са стакватэрным і саракакватэрным дамамі.
Таксама замкі з’явіліся на калонках па вуліцы Зарэчанскай і Галіцкага. Да летняга перыяду пад замкамі павінны аказацца і ўсе іншыя калонкі па Гарадку.
Ці доўга будуць знаходзіцца калонкі пад замкамі або іх будзе чакаць лёс вулічных ліхтароў пакажа час...
Л. Антонаў - HARADOK.INFO