Аляксандр Салаўёў, адзін са старэйшых мастакоў Віцебска, узнагароджаны ордэнам Скарыны

Ордэнам Францыска Скарыны ўзнагароджаны адзін са старэйшых мастакоў Віцебска Заслужаны дзеяч мастацтваў Аляксандр Салаўёў.
Аляксандр Салаўёў, 2011 год. Фота Сержука Серабро

Аляксандр Аляксандравіч Салаўёў нарадзіўся ў 1926 годзе (сёлета мастак адзначыў 90-гадовы юбілей) у Ленінградскай вобласці. З 1943 па 1944 год ён партызаніў, а потым у складзе рэгулярных частак Чырвонай Арміі ваяваў на Карэльскім перашыйку і ў Прыбалтыцы.

У 1957 годзе Аляксандр Салаўёў скончыў Ленінградскае вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя Мухінай, а ў 1962 годзе пераехаў у Віцебск. Тут ён у 1965 годзе паступіў мастаком-пастаноўшчыкам у тэатр імя Якуба Коласа, пазней стаў галоўным мастаком і займаў гэтую пасаду да 1995 года, а ўвогуле аддаў віцебскаму тэатру 32 гады і стварыў больш за 70 сцэнаграфій да спектакляў.

З 1966 года Салаўёў з'яўляецца членам Саюза мастакоў, а з 1973 па 1977 год ўзначальваў віцебскую філію гэтай арганізацыі. У 1982 годзе яму было прысвоенае званне Заслужанага дзеяча мастацтваў БССР.

Узнагарода Аляксандра Аляксандравіча ордэнам Скарыны зацверджаная тым жа указам кіраўніка дзяржавы ад 24 лістапада, якім Віктару Дашкевічу нададзенае званне Заслужанага артыста. Такім чынам адначасова былі ўшанаваныя дзве выбітныя асобы, чые лёсы цесна звязаныя Коласаўскім тэатрам.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ