ФК “Віцебск” узяў тры ачкі на выездзе

Сёмы тур чэмпіяната краіны па футболе для віцебскай каманды стаў паспяховым. Наш клуб на выездзе адолеў “Гарадзею” з лікам 0:2.

У кожным тайме віцябляне адзначыліся голам. На 19-й хвіліне лік адкрыў Мікіта Наўмаў, а замацаваў поспех “Віцебска” у другім тайме Раман Волкаў.

Галоўны трэнер “Віцебска” Сергей Ясінскі пракаментаваў гульню сваіх падапечных:

- Для нас быў вельмі важны гэты матч. І гульня атрымалася цікавай. 1-ы тайм выдаўся характэрным, было больш барацьбы, чым нейкіх вытанчаных камбінацый. Ніхто не хацеў саступаць, і гульня была, што называецца, да гала. Да нашай радасці, гол забілі мы. Удала выкарыстоўвалі розыгрыш стандартнага становішча. Гэты гол даў нам стратэгічную перавагу, мы змаглі больш "скучана" згуляць у абароне, востра контратакаваць. Маглі забіць і больш, і раней. І, вядома, асобны дзякуй нашаму сённяшняму імянінніку - Дзіме Гушчанку, калі наша абарона сур'ёзна правалілася ў 1-м тайме, і здарыўся выхад адзін на адзін - Дзіма выручыў, у вельмі патрэбны момант. А каманда павіншавала яго з днём нараджэння - піцу купілі хлопцы.

Вядома, поле наклала свой адбітак на гульню. Здаецца, трава ёсць, але яна яшчэ асенняя, не вырасла добра, мяч драбніў, не атрымлівалася гуляць у пас, камбінаваць. Супернік не хацеў саступаць, шмат стыкаў было, адзінаборстваў. Ціханоўскі атрымаў траўму, пакуль яшчэ не ведаю, наколькі гэта сур'ёзна. Лебедзеў моцна сыграў, выйшаўшы на замену. У нас кожны "штык" на рахунку, а зноў траўмы... Ну што ж, будзем рыхтавацца да хатняй гульні з "Шахцёрам".

Меткі:

Чытайце яшчэ