У Віцебску адкрылася выстава “І смех, і радасць мы прыносім людзям”

22 мая ў Беларускім тэатры “Лялька” ў Віцебску з нагоды адкрыцця выставы “І смех, і радасць мы прыносім людзям” выступалі “Аэліта”, “Юні Дэнс” і Настасся Шлома.
Танцавальны калектыў “Юні Дэнс” на адкрыцці выставы. Фота Георгія Каржанеўскага

Выхаванне пачуцця прыгажосці ў дзяцей, выяўленне мастацкіх здольнасцей, з’яўляецца важным унёскам у творчую будучыню народа. Беларускі тэатр “Лялька”, акрамя сваёй непасрэднай працы стварэння спектакляў для дзяцей і дарослых, прымае актыўны ўдзел у супрацоўніцтве з пазашкольнымі гарадскімі навучальнымі ўстановамі. Так з’явіўся праект “Творца жыве ў кожным з нас”, які быў распачаты ўвосень 2014 года. Творчая група “Тры Т” Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на працягу тэатральнага года наведвала тэатр. Вынікам з’явілася выстава “І смех, і радасць мы прыносім людзям”, ўжо трэцяя па ліку.

Па матывах “Брэменскіх музыкаў” . Фота Георгія Каржанеўскага

Першая выстава працавала падчас восеньскіх канікулаў. Другая была прысвечана навагодняй тэматыкі. Яна была адкрыта падчас зімовых канікулаў і працавала ўсю зіму. А гэтая, трэцяя выстава, прадставіла лялькі і іншыя вырабы юных майстроў па матывах спектакляў “Брэменскія музыкі” і “Чароўная скрыня з зялёным гарошкам”. Пад кіраўніцтвам педагогаў Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўдзельнікі творчай групы стварылі вырабы, прасякнутыя сапраўднай любоўю да мастацтва.

Вырабы юных майстроў. Фота Георгія Каржанеўскага

На мерапрыемстве была прыкметна наяўнасць адной творчай дынастыі ў горадзе. Яная ахоплівае пакаленні ад сталага ўзросту да цяперашніх дзяцей, і ўзыходзіць к мастацкаму кіраўніку Беларускага тэатра “Лялька” Віктару Клімчуку. Хаця на самой справе творчая маладосць і бурная мастацкая дзейнасць Віктара Клімчука абвальвае ходкія ўяўленні аб прадстаўніках старэйшага пакалення як аб людзях, якія больш цягнуцца да спакойнага ладу жыцця. Асноўнай творчай асобай сярод прадстаўнікоў малодшага пакалення Клімчукоў паўстала Марыя Клімчук, якая праводзіла экскурсію па вырабам. А дапамагаў ёй ў гэтым выдатны артыст беларускай “Лялькі” Юрась Франкоў.

Людміла Сіманёнак, Марыя Клімчук і Юрась Франкоў на адкрыцці выставы. Фота Георгія Каржанеўскага

Таксама Марыя Клімчук зрабіла некалькі цудоўных вырабаў на выставу, і яна ж выканала адзін з танцаў у групе танцавальнага калектыву “Юні Дэнс”. А выкананнем вальса сумесна з Міленай Матвіевіч прывітаў усіх прысутных Павал Клімчук. Танцавальныя партнёры з’яўляюцца навучэнцамі студыі спартыўнага танца “Аэліта” Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Да таго ж, педагогам аднаго з гурткоў, а менавіта “Азбукі вышыўкі”, з’яўляецца Алёна Клімчук. Тэма дынастый не была б завершанай, калі б мы не сказалі, што на адкрыцці выставы выступала салістка ўзорнай вакальнай студыі “Лада” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Настасся Шлома. Гэта ўнучка таго самага былога намесніка кіраўніка Віцебскага гарвыканкама, які курыраваў пытанні адукацыі, навукі, ідэалогіі, культуры, займаўся справамі моладзі.

Спявае Настасся Шлома. Фота Георгія Каржанеўскага

Усім педагогам і вучням, якія вызначыліся ў выставе, былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды і памятныя падарункі. Уручаў іх дырэктар Беларускага тэатра “Лялька” Аляксандр Грыгор’еў. А перад гэтым са святам творчасці, якое адбылося ў “Ляльке”, павіншавала ўсіх прысутных дырэктар Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Наталля Бальшакова. Вялікую ролю ў стварэнні святочнай атмасферы адкрыцця выставы сыграў танцавальны калектыў “Юні Дэнс”, пра які мы ўжо згадвалі. Дзве яго групы рознага ўзросту выканалі запальныя танцы “Рэтра-вечарынка” і “Тэхналогіі будучыні”. А пасля заканчэння ўрачыстага мерапрыэмства, і дзеці, і дарослыя, пайшлі глядзець спектакль “Папялушка, або Крышталёвыя чаравічкі”, які таксама можа натхніць юных творцаў на новыя дасягненні ў стварэнні мастацкіх вырабаў.

І зноў “Юні Дэнс”… Фота Георгія Каржанеўскага

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ