Міхась Ляўковіч: глыбінны паток тысячагоддзяў

У Віцебскім мастацкім музеі адбылося адкрыццё выставы акварэлі Міхася Ляўковіча “Зачараванне”.
Акцёр Пятро Ламан, Міхась Ляўковіч, а таксама ўнучка і жонка мастака. Фота Георгія Каржанеўскага

Творчасць Міхася Ляўковіча можна назваць «беларускім дзэнам». Гэта своеасаблівая перадача бачання сутнасці з’яў «ад сэрца да сэрца», і мастацтва творцы менавіта такое. Яно з’яўляецца прамым указаннем на дух беларускай гісторыі і зыходзіць з непасрэднага, чыстага, нічым незамутнёнага перажывання прыроды роднага краю. Тэма дзэна не з’яўляецца чужой беларускаму духу, дастаткова ўспомніць “Кнігу пра Нішто” Валянціна Акудовіча, альбо вось гэты пераклад з японскага Максіма Багдановіча:

Усё знікае,
І следу нат не кіне,
Як шэры попел
Ад чорнага агнішча,
Развеяны вятрыскам.

Міхась Ляўковіч. Туман срэбраную пражу разматаў

Міхась Ляўковіч – гэта мастак-паэт, які расчыняе перад гледачом нязведаныя далі і глыбіні беларускай прыроды. Сама назва выставы “Зачараванне” паказвае таксама на магічны характар яго работ. Нягледзячы на рэалістычную манеру пісьма, карціны Міхася Ляўковіча не проста “адлюстроўваюць” рэчаіснасць, хоць і не пераўтвараюць яе. Яны пагружаюць у свет беларускага космасу і з’яўляюцца выразам сапраўднай магіі мастацтва, якая інтэгруе гледачоў у гэтую бесперапынную прастору.

Міхась Ляўковіч. Цішыня

Аб велізарным поспеху творчасці Міхася Ляўковіча сведчыла таксама поўная зала наведвальнікаў, якія прыйшлі на адкрыццё выставы 10 сакавіка. Удзельнікі гэтага адкрыцця казалі аб розных баках жыцця і творчасці мастака: пра тое, які ён выдатны сем’янін, аб яго плённай выкладчыцкай дзейнасці, і, вядома ж, аб яго карцінах. Але асноўная ўвага была ўдзелена нацыянальным вытокам творчасці Міхася Ляўковіча, без якіх яе немагчыма ўявіць.

На адкрыцці выставы. Фота Георгія Каржанеўскага

Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Святлана Баранкоўская гаварыла аб гэтай празрыстай беларускасці ўсёй творчасці юбіляра: “Для мяне Міхаіл Ляўковіч – гэта перш за ўсё Беларусь. Беларусь празрыстая, Беларусь чыстая, Беларусь, на якую гледзячы, ўжо забываешся, што ёсць нейкія іншыя мовы. Таму што хачацца размаўляць на беларускай мове, спяваць на беларускай мове, і хочацца нізка-нізка пакланіцца Міхасю Ляўковічу за тое, што ён праслаўляе нашу Беларусь на сусветным узроўні. Ягонае мастацтва інтэрнацыянальна толькі ў майстэрстве, а ўсё астатняе – гэта нашы празрыстыя рэкі, празрыстае паветра, і вось гэтае чэснае, празрыстае, вельмі шляхетнае жыццё мастака”.

Міхась Ляўковіч. Месяц над Дуброўнам

Непаўторна ярка, змястоўна і вобразна падзяліўся сваімі ўражаннямі аб творчасці юбіляра яго сябр, артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Пятро Ламан: “Я калі ўпершыню ўбачыў работы Міхася Ляўковіча, мяне ўразіла вось гэтая сонечная энергія, якая прысутнічае ва ўсіх ягоных работах. Яна выпраменьваецца, і ён сам чалавек вельмі сонечны, і гэтая энергія прысутнічае ўсюды. Яе жыватворны паток ёсць ў любой рабоце, нават калі там і няма Сонца, ўсё роўна адчуваеш гэтую энергію таму, што яна ёсць у душы творца, у сэрцы яго… У яго творчасці ідзе глыбінны паток тысячагоддзяў. Аналізуючы базавую лексіку беларускай мовы я зразумеў, што беларускай мове як мінімум пяць тысяч гадоў. Вось корань “Ра”. Мяне ўразілі словы “радасць”, “раніца”, “Радаўніца”. Аказваецца, Ра і быў дахрысціянскім богам славян. Ра-дасць – гэта тое, што дасць бог Ра… Так што гэты паток энергіі быў тысячагоддзі да нас, і будзе тысячагоддзі пасля нас. Таму дзякуй мастаку за тое, што ідзе праз яго, за яго выявы”.

Міхась Ляўковіч. Чорная панна Нясвіжа

Міхась Ляўковіч расказаў аб асабістых уражаннях ад цырымоніі адкрыцця выставы і шматлікіх ушанаванняў у яго адрас, а таксама аб сваіх адносінах да тэматыкі беларускасці: “Я ўсхваляваны тым, што столькі неабыякавых людзей прыйшлі да мне сёння на вернісаж, што гэта каторы раз у мяне ў жыцці экзамен… Сама тэма гэтай выставы “Зачараванне” з’явілася нераптоўна. Я убачыў, што ў мяне атрымаўся цэлы пласт прац, якія прысвечаны Беларушчыне: краявідам нашай зямлі, гарадам, асобам, і гістарычным, і сучасным... Гэта маё роднае, гэта мае вытокі. І калі мне раптоўна спачатку 1992-ім, а пасля ў 1996 годзе прапанавалі змяніць месца жыхарства, у адным выпадку Латвія, у другім – Нямеччына, я зразумеў, што я памру без сваіх сцежак. Бо я лічу, што Радзіма, як казалі ў даўніну, гэта там, дзе пупавіна твая зарытая. Таму што гэтыя сакральныя абрады, якія з гісторыі цянуцца, для мяне вельмі важныя. Мне вельмі важна адчуць, вельмі важна прысвяціць, і я пастараўся гэта зрабіць. А атрымалася, ці не, меркаваць вам”.

Міхась Ляўковіч. Залаты вечар

Зразумела, выстава атрымалася, і яе поспех не вызывае сумненняў. Адзначым, што Міхась Ляўковіч з’яўляецца юбілярам не толькі выставы. За дзень да яе адкрыцця мастаку споўнілася 65 гадоў. І мы жадаем яму моцнага здароўя, творчага натхнення, працягу сваёй плённай працы на карысць Беларусі.

Міхась Ляўковіч са студэнткамі худграфа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Фота Георгія Каржанеўскага

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ