Пятро Ламан: Нацыянальная сапраўднасць

Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа рыхтуецца да святкавання 65-гадовага юбілею акцёра Пятра Ламана, якое адбудзецца 5 кастрычнiка.
Адна з роляў Пятро Ламана. Фота з архiву НАДТ iмя Якуба Коласа

Творчасць Пятра Ламана прыналежыць да цэнтральнага кола беларускага мастацтва. У сваіх тэатральных вобразах ён раскрывае архетыпічную прыроду беларускасці з яе разважлiвасцю, талерантнасцю, сумленнасцю, гарманічным адзінствам са стыхіямі роднай прыроды, укаранёнасцю ў народныя вытокі ўласнай культуры. Улічваючы, што Пятро Ламан зʼяўляецца яшчэ паэтам, пiсьменнiкам і перакладчыкам, дадзены інтэгратыўны вобраз беларуса увасоблены ім у поўнай меры. Гэта трапленне ў цэнтр правідчага прамяня беларускай культуры робіць яго творчасць як актуальнай, так і сапраўды высокай i несмяротнай

На юбілейны дзень, у 19 гадзiн, гледачам будзе прадэманстраваны спектакль «Пахавайце мяне за плінтусам» рэжысёра Валерыя Анісенкі паводле аповесці Паўла Санаева. Як вядома, бенефісны спектакль выбірае сам юбіляр. У ім Пятро Ламан не толькі iграе ролю Дзеда, ён яшчэ зʼяўляецца і перакладчыкам самой аповесці. Пастаноўка ставіць праблематыку ўнутрысямейных вытокаў чалавечай рэпрэсіўнасці. Маштабна прадэманстравана ўся глыбіня бытавога чалавечага iндульгавання ў патуранні жалю да саміх сябе. І побыт набывае ўсяленскія памеры. Персанажы знаходзяцца ў палоне вечнага няшчасця. Апантанасць эгаізмам прадстаўнікоў старэйшага пакалення і ўсеагульная падазронасць ствараюць атмасферу ўнутранага надрыву і ставяць персанажаў на грань страты псіхічнага здароўя. Гледачам са ўсёй вiдавочнасцю прадстаўлены ўсе сумнеўныя плады постсавецкай бездухоўнасці. Падобнага роду спектаклі зʼяўляюцца актуальнымі і папярэджваюць аб прорвах, у якія вядуць ўнутраная несумленнасць, эгаізм, рэпрэсіўнасць ў адносінах да сябе і iншых.

Прадаставiм слова калегам Пятра Ламана і супрацоўнікам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, якія падзяліся з намі думкамі пра яго творчасць, і выказалі акцёру свае пажаданнi:

Юрый Лiзянгевiч, рэжысёр:

«Калi наш тэатр прыехаў у Маскву і мы iгралі «Вішнёвы сад», на спектаклі прысутнічаў Раман Вiкцюк. Я яго запрасіў. Ён сядзеў у зале са сваім сынам, які быў яшчэ тады дзевяцікласнікам, а Фiрса iграў у гэты вечар Пятро Ламан. І Вiкцюк звярнуўся да Ігара: «Вось гэты артыст, напэўна, і ў жыцці гаворыць па-беларуску». А калі скончыўся спектакль, ён зайшоў да артыстаў, захацелася яму сказаць некалькі прыемных слоў, падышоў да Ламана і сказаў: «Вы па-сапраўднаму думаеце па-беларуску». Я думаю, што Пятро Ламан – гэта сапраўды такі вось нацыянальны беларускі артыст. Які «не па службе, а па душы» зʼяўляецца артыстам нацыянальнага беларускага тэатра. Тое, што ён цяпер iграе Несцерку – сапраўды ягоная справа ў тэатры, бо гэта народны, спрадвечны персанаж, які кладзецца на індывідуальнасць, на душу гэтага артыста. А жадаю я яму перш за ўсе здароўя, творчых поспехаў і ўдачы».

Святлана Акружная, народная артыстка Беларусi:

«У мяне з Пятром Ламаном былі галоўныя ролі ў «Клеменсе» Казіса Саі і «Не трывожся, мама» Надара Думбадзе. Гэтыя спектаклі карысталіся велізарным сцэнічным поспехам. Ён выдатны сцэнічны партнёр, лёгка схоплівае характар. Вялікі працавік, абаяльны, яго вельмі любіць публіка. Яшчэ Пятро Ламан вельмі добры паэт, піша выдатныя вершы. Прыйшоў ён у тэатр вельмі сціплым хлопчыкам, і стаў паступова раскрывацца. Я жадаю яму самага галоўнага – здароўя, каб ён быў шчаслівы і ўдачлівы. Жыццё працягваецца, і пажадаю яму таксама ў далейшым значных роляў. Ён поўны сіл, і можа яшчэ іграць і іграць».

Нiна Обухава, актрыса:

«Пятро Ламан адзін з самых цікавых акцёраў, ён вельмі своеасаблівы, і ў яго зусiм асаблівая, вельмі магутная энергетыка. Ён вельмі выдатна размаўляе на беларускай мове і ў яго шмат перакладаў. Ён шмат пераклаў для тэатра як прафесійны перакладчык. У яго заўсёды можна i патрэбна вучыцца. Шмат ведае і распавядае велізарную колькасць цікавых гісторый. Быў знаёмы з такімі выбітнымі пісьменнікамі і паэтамі, як Уладзімір Караткевіч і Рыгор Барадулін. Жадаю яму моцнага здароўя, сіл, цярпення, божай дапамогі ва ўсіх справах, і, вядома ж, творчасці, цікавых рэжысёраў, добрай драматургіі. Але ён і сам вельмі запатрабаваны акцёр…»

Лiтаратурны рэдактар коласаўскага тэатра Юрый Іваноўскі

звярнуў увагу на адзін важны аспект неабходнасці прызнання заслуг акцёра, які ці то па неабдуманасці, ці то з прычыны намеру, не вырашаны да гэтага часу:

«Пачну з пажаданняў. Найперш пажадаю Пятру Ламану як мага даўжэй заставацца на сцэне і атрымліваць як мага больш новых цікавых роляў. І, вядома ж, хацеў бы, каб у яго было званне. Ён адносіцца да ліку тых артыстаў, хто ўжо даўно заслугоўвае гэтага звання Заслужанага артыста Беларусі. У яго ёсць такая роля, як Несцерка, і шэраг іншых роляў. У яго велізарны паслужны спіс, і ролі вельмі цікавыя. Ён жа да таго ж не толькі акцёр, але і паэт, пісьменнік. Сябраваў са сваім земляком Янкам Брылем, які як-то спытаў у яго: «А чаму ты не пішаш прозу?» І Пятро Ламан потым распавядаў, што пасля гэтага яму сталі сніцца сны, цэлыя кавалки сноў, так і зʼявілася аповесць «Астравы». У свой час ён таксама апублікаваў у «Нашай ніве» вядомы адкрыты ліст аб абароне беларускай мовы на сцэне нацыянальнага тэатра. Многія акцёры, сыходзячы за кулісы, тут жа пачынаюць гаварыць па-руску. А калі акцёр думае па-руску, то, вядома, і на сцэне цяжкавата, таму што трэба, каб слова нарадзілася само па сабе. А калі гэта не адбываецца, гэта відавочна... Нават, калі Пятро Ламан iграе не беларускую пʼесу, ўсе роўна ў яго атрымліваюцца нацыянальныя персанажы. Гэтыя нацыянальныя асаблівасці ў яго адчуваюцца ў любым вобразе. Адзначу таксама, што ён яшчэ iграе важную ролю для тэатра, як перакладчык. Многія спектаклі ідуць у яго перакладзе. Пятро Ламан вельмі шмат ведае пра Віцебшчыну: якія тут былі старажытныя месцы, паходжанне храмаў, ён выдатна ведае гісторыю Беларусі наогул. Такі артыст – гэта ўпрыгожванне нацыянальнага тэатра. Я не ведаю ўсіх яго званняў і ўзнагарод, але званне Заслужанага артыста яму даць абавязкова павінны».

Насамрэч, прысваенне выдатнаму акцёру звання Заслужанага, было б сцвярджэннем справядлівасці не толькі да яго асабіста, але і да ўсёй тэматыцы сапраўднай беларускасці ў нашым мастацтве. У выпадку Пятра Ламана гэтая беларускасць зʼяўляецца спрадвечнай. Яна ідзе ад глыбокіх каранёў і не стасуецца з псеўданацыянальным афіцыёзам. Але, як бы не здарылася, мы перакананы ў галоўным: творчасць акцёра, паэта, пiсьменнiка, будзе заўсёды глыбока раскрываць тэму нацыянальнай сапраўднасці і годнасці народа.

Трохі пазней на “Народных навінах Віцебска” з’явіцца інтэрв’ю з самім юбілярам.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ