“Мова нанова” ў Віцебску: і песні пелі, і прысмакамі частаваліся

Чарговыя заняткі публічных курсаў "Мова нанова" прайшлі ў культурніцка-гістарычным комплексе "Дзвіна" ў Віцебску у нядзелю, 21 верасня. Было файна!
Спадарыня Алена напякла для курсантаў Мовы нанова хлеба.
Арганізатары прысвяцілі заняткі тэме беларускай кухні. Напрыканцы размовы аб нацыянальных стравах ўсіх імі ж і пачаставалі. Найсмачнейшы хлеб ад спадарыні Алены ды салодкія "хрусты" прыйшліся даспадобы ўсім. Нават складана паверыць, што духмяны пругкі хлеб гаспадыня пячэ толькі з мукі і вады.
-Дрожжы не выкарыстоўваю, - расказвае спадарыня Алена. - Тры-чатыры дні толькі закваску кармлю. Вядома, з дражжамі было б хутчэй, а так на падрыхтоўку цеста трэба пяць дзён! Хлеб пяку ў звычайнай духоўцы, але з сакрэтам - кладу туды цагліну. Цэгла трымае цяпло і атрымліваюцца амаль такія ж умовы, як у вясковай печы.
Роля "запрошанай зоркі" дасталася ў гэты дзень Сяргею Доўгушаву, салісту групы "VURAJ". Сяргей ня стаў проста выступаць для гледачоў, а зладзіў "спеўны сход", прыцягнуўшы да спеваў ўсіх прысутных.

Чытайце яшчэ