Віцебская баскетбольная дружына ўзмацнілася

Падчас міжсезоння шэрагі віцебскага баскетбольнага клуба “Рубон” папоўнілі тры гульцы.

На пазіцыі абаронцы пад пятым нумарам будзе гуляць Арцём Сыраватка. Раней ён выступаў за “Гродна-93”, а пазней быў пераведзены ў «Прынёманне». Трэнерскі штаб таксама ўскладае надзею на іншага выхавальніка прынёманскай школы баскетболу - Аляксея Пракапенку. Спартсмен адрозніваецца дакладнымі дальнімі кідкамі і ўдалымі праходамі пад кошык суперніка.

Вярнуўся ў склад каманды Марсэль Авсепян, які па сямейных абставінах на паўтары гады быў вымушаны спыніць выступ у прафесійным спорце.

Падрыхтоўку з асноўным складам праходзяць і маладыя гульцы, якія ўжо ў гэтым сезоне могуць быць задзейнічаны ў вышэйшай лізе. Сярод іх трэнірскі штаб адзначае Дзяніса Вікенцьева і Максіма Лютыча.

- Мы змаглі ўзмацніцца шэрагам спартсменаў, з прыходам якіх у нашым арсенале з'явяцца новыя тактычныя схемы. У мінулым сезоне з-за кароткай лаўкі такой тактычнай разнастайнасці мы сабе дазволіць не маглі. Я спадзяюся, што жаданне расці і амбіцыі пачаткоўцаў дапамогуць нашай камандзе. Разлічваем, што гэты чэмпіянат будзе больш удалым для нас, бо касцяк каманды нам удалося захаваць, а ўмацаванне, асабліва на пазіцыях высокіх гульцоў, нам было проста неабходна, - абагульніў узмацненне каманды галоўны трэнер "Рубона" Руслан Байдакоў.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ