Біскуп Алег Буткевіч: Хрыстос перамог зло, грэх і смерць, каб мы ўжо не блукалі ў поцемках і безнадзейнасці

17 красавіка ў Віцебску ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрднага Алег Буткевіч даў сваю першую прэс-канферэнцыю ў якасці біскупа Віцебскай дыяцэзіі.
Перадвелікодная прэс-канферэнцыя біскупа Алега Буткевіча ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Як і яго папярэднік, у традыцыйнай перадвелікоднай прэс-канферэнцыі біскуп Буткевіч распавёў пра падзеі і мерапрыемствы, якія чакаюць каталіцкі касцёл на Віцебшчыне ў бліжэйшы год.

Перадвелікодная прэс-канферэнцыя біскупа Алега Буткевіча ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

У траўні касцёл атрымае трох новых святароў — святарскія пасвячэнні адбудуцца ў Браславе (3 траўня) і Віцебску (31 траўня). Таксама ў траўні ў абласным цэнтры пройдзе юбілейная — ўжо дзесятая — міжнародная навуковая канферэнцыя “Праблемы ўрачэбнай этыкі ў сучасным свеце”.

Два касцёлы Віцебскай дыяцэзіі ў гэтым годзе святкуюць стагоддзе: 10 жніўня ўрачыстасці пройдуць ва Ушачах, а 5 кастрычніка — у Відзах. Яшчэ раней — 13 ліпеня — адзначыць 110-годзе касцёл у Параф’янава.

Перадвелікодная прэс-канферэнцыя біскупа Алега Буткевіча ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

З 24 па 28 жніўня Глыбокае будзе прымаць удзел у кінафестывалі “Магніфікат”, які адбудзецца таксама ўжо дзесяты раз.

13 кастрычніка Віцебская дыяцэзія адсвяткуе ваё 15-годдзе, у межах урачыстасцяў у парафіях будзе служыцца святая імша з гімнам “Te Deum…”

У сваёй прамове біскуп Алег Буткевіч прыгадаў велізарную працу, здзейсненую на Віцебшчыне Уладзіславам Блінам: быў дадзены вельмі моцны імпульс для абуджэння і адновы веры на тэрыторыі, моцна знішчанай у духоўным плане праз атэістычную сістэму. 31 траўня першаму віцебкаму біскупу павінна споўніцца 60 гадоў. Нагадаем, што сёлета чытачы “Народных навінаў Віцебска” абралі Уладзіслава Бліна чалавекам года.

На гэты Вялікдзень жыхары Віцебскай вобласці змогуць убачыць прамую трансляцыю святочнага набажэнства з катэдральнага касцёла Езуса Міласэрнага ў Віцебску. Велікодная Літургія з біскупам Алегам Буткевічам будзе транслявацца на тэлеканале “Беларусь 1” у суботу з 21:40.

Перадвелікодная прэс-канферэнцыя біскупа Алега Буткевіча ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

“Жадаю усім вам сапраўднага супакою, каб праз удзел у Пасхальнай таямніцы нашага Збаўцы мы змаглі пераадолець усялякія падзелы і непаразуменні. Святочнае яйка, якім падзеліцеся пры Велікодным стале няхай будзе знакам еднасці, якая становіцца магчымай для таго, хто па сапраўднаму перажыў сваё навяртанне і паяднанне з Езусам”, — кажа ў сваім пастырскім пасланні біскуп Буткевіч.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ