“Пахаванне дзеда”. Як на Гарадоччыне святкуюць Масленіцу

Завяршаецца масленічны тыдзень. Прапануем чытачам матэрыял пра тое, як на Гарадоччыне развітваюцца з зімой. На гэтым тыдні, у першы дзень Масленіцы, давялося пабываць ў тутэйшай вёсцы Кісялі, дзе праходзіў народны абрад "Пахаванне дзеда".

Гульня існуе тут здаўна. Вяскоўцы збіраюцца і "хаваюць" ляльку ў выглядзе "дзеда", якая сімвалізуе сабой зіму. Яна ляжыць пад абразамі, жанчыны па ёй галосяць, узгадваюць жыццё "нябожчыка".

Быў ён мужыком моцным, меў жонку і сто палюбоўніц. Гульня мае падкрэслены эратычны характар, у даўніну ў хату не пускалі дзяцей: нават у мёртвага "дзеда" ягоная мужчынская вартасць жывая. Паміж ног "дзеда" знаходзіцца маркоўка, яе жанчыны раз-пораз торгаюць за вяровачку.

Потым Цімку, так завуць "памерлага", вязуць на могілкі. І "хаваюць", сёлета гэта рабілі ў сене, бо няма снегу. А тады ўжо садзяцца за стол, спяваюць, танчаць - бо зіму "пахавалі", а вясна - гэта радасць.

У рытуале бяруць удзел імпрэзаваны ўрач, які канстатуе “смерць дзеда”, ды святар, які служыць "паніхіду" па “нябожчыку”. Нарадзіўся такі во вершык:

Бабы галасілі, прычыталі,
добрым словам “дзеда” ўспаміналі.

Пасля доўгіх слёз
“дзеда” з хаты вынеслі
наўпрост.

І паклаўшы “цела” на "тачанку",
люд павёз “дзядулю” да “прыямку”.

Скончыўшы гараваць па дзеду,
"жонка" запрашае ўсіх на бяседу.

На памінках госці елі, пілі, весяліліся,
дзве бабулі з лавы ледзь не паваліліся.

Вось так гарадокцы правялі зіму і сустрэлі жаданую вясну! Традыцыйнае спальванне пудзіла нават не ідзе ні ў якае параўнанне з гэтым унікальным, адзіным на ўсю Беларусь, абрадам. "Пахаванне дзеда" ўнесена ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ