У музеі-запаведніку “Заслаўе” адкрыецца выстава віцебскага мастака Аляксея Літвіна

У музеі-запаведніку “Заслаўе” (Мінская вобласць) 7 верасня адкрыецца выстава віцебскага мастака і харэографа Аляксея Літвіна.

Вернісаж наведаюць замежныя госці - прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса ў Беларусі.

Мастак Аляксей Літвін скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сябра Беларускага саюза мастакоў, лаўрэат беларускіх і замежных фестываляў мастацтва. Удзельнічаў у шматлікіх выставах і пленэрах у Беларусі і за яе мяжой. Працаваў выкладчыкам харэаграфічнага і мастацкага аддзяленняў Верхнядзвінскай школы мастацтваў, харэографам у драмтэатры імя Якуба Коласа, трэнерам-харэографам фігурнага катання ў Лядовым палацы Віцебска.

Творчасць Аляксея Літвіна - не тыповая для даволі кансерватыўнай беларускай мастацкай прасторы, аднак яна цудоўна ўпісваецца ў агульнаеўрапейскі кантэкст. Яе крыніцы – французскія фавісты пачатку ХХ стагоддзя на чале з Анры Мацісам, а таксама нэафавісты, якія злучылі спадчыну Маціса з нямецкім экспрэсіянізмам, творчасцю Пікасо і Фрэнсіса Бэкана.

Захапленне Літвіна харэаграфіяй прыводзіць да нязвыклага сімбіёзу - вобразы на яго карцінах паўстаюць у выніку спалучэння стыхіі танца і мастацкай фантазіі. Хаатычныя формы і рэзкія кантрасты колераў выразна адлюстроўваюць усю палітру эмоцый мастака.

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ