У Віцебску пройдуць урачыстасці ў гонар Мікалая Каспяровіча

21 траўня ў Віцебску на доме №4 па вуліцы Крылова будзе ўрачыста адкрыта дошка ў гонар выдатнага дзеяча беларускай навукі, славутага краязнаўца Мікалая Іванавіча Каспяровіча.
У Віцебску пройдуць урачыстасці ў гонар Мікалая Каспяровіча. Фото БДАМЛМ / wikipedia.org

Урачыстасці пачнуцца ў 10:30 прэс-канферэнцыяй у Віцебскім адласным краязнаўчым музеі. У 11:00 адкрыецца ў холе гарадской Ратушы выстава, прысвечаная М.І. Каспяровічу, а яшчэ праз паўгадзіны — адкрыццё мемарыяльнай дошкі.

Мікалай Іванавіч Каспяровіч (1900-1937) – выдатны дзеяч беларускай навукі, славуты краязнавец. Яго імя непарыўна звязана з гісторыяй станаўлення Беларускай акадэміі навук, ён – адзін з арганізатараў масавага краязнаўчага руху ў Беларусі. Вобласці яго навуковай дзейнасці разнастайныя – мовазнаўства, гісторыя беларускай культуры, літаратуры, мастацтва. Нарадзіўся 9 (21) мая 1900 года ў маёнтку Ізабалёва Ігуменскага павета Мінскай губерні (зараз Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям’і арандатара.

Цікавым і насычаным самастоўнай арганізатарскай, метадычнай, навуковай працай стаў перыяд жыцця М.І. Каспяровіча, звязаны з Віцебскам. Пасля ўваходжання часткі тэрыторыі Віцебскай губерні ў склад Беларускай ССР у памежным з Расіяй краі разгарнулася вялікая мэтанакіраваная праца па вяртанню і аднаўленню беларускай нацыянальнай культуры. Справа была падмацавана дзяржаўнай палітыкай беларусізацыі. Для вядзення арганізацыйнай працы ў гэтым накірунку М.І. Каспяровіч быў прызначаны Наркаматам асветы БССР на пасаду інспектара Віцебскага акруговага аддзела адукацыі з пачатку жніўня 1924 г. Віцебскі перыяд непрацяглага жыцця Мікалая Іванавіча зусім кароткі – два гады (з восені 1924 г. да восені 1926 г.) – насычаны вялікімі справамі. Менавіта ў Віцебску ён распачаў многія свае працы, якія мелі плённы працяг у далейшай яго навуковай і арганізатарскай дзейнасці, былі пакладзены ў аснову яго друкаваных прац. Адначасова гэтыя справы мелі вялікае значэнне для віцебскага асяродку.

Галоўным накірункам дзейнасці М.І. Каспяровіча ў Віцебску стала краязнаўчая праца. Па ініцыятыве і пры непасрэдным яго кіраўніцтве было ўтворана Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Калі быць дакладным, фарміраванне краязнаўчай грамадскай арганізацыі ў Віцебску распачалося яшчэ напярэдадні прыезда М.І. Каспяровіча, але менавіта яго намаганнямі акруговая арганізацыя зрабілася сталай, абапіраючыся ў сваёй працы на сетку мясцовых (павятовых) і ніжэйшых (школьных) арганізацыі. Краязнаўчае таварыства аб’ядноўвала больш за 1000 сяброў. Яно працавала ва ўзгадненні з праграмай дзейнасці Інстытута беларускай культуры, першай беларускай навковай арганізацыі, утворанай у 1922 г., якая была рэарганізаваная ў 1928 г. у Беларускую акадэмію навук.

Віцебскае краязнаучае таварыства разгарнула значную выдавецкую дзейнасць. Былі выдадзены ў 1925 і 1928 гг. два выпускі краязнаўчага альманаха Віцебшчына, які не толькі друкаваў даследаванні Віцебскага краю, але меў вялікае метадычнае значэнне для арганізацыі краязнаўства. Выдаваліся асобныя працы І.П. Фурмана, А.А. Шлюбскага. У Віцебску выдадзены кнігі Каспяровіча “Беларуская архітэктура”, “Беларускі арнамент”, у яго разам з З.І. Горбаўцам перакладзе з нямецкай мовы праца А. Іпеля “Беларускае мастацтва”. Усе гэтыя невялічкія кніжкі адыгралі значную ролю ў станаўленні беларускай мастацтвазнаўчай навукі.

М.І. Каспяровіч падтрымаў справу арганізацыі ў Віцебску мясцовай філіі літаратурага аб’яднання “Маладняк”, з дзейнасцю якога звязаны імёны шэрагу таленавітых маладых літаратараў новай Беларусі.

У ВіцебскуМ.І. Каспяровіч распачаў справу вяртання мясцовай моўнай спадчыны краю. Праграма збірання мясцовага слоўніка беларускай мовы выконвалася пры каардынацыі з агульным планам Інстытута беларускай культуры. Слоўнікавы матэрыял, сабраны віцебскімі краязнаўчымі арганізацыямі пад кіраўніцтвам Каспяровіча, ім апрацаваны, мае вялікае значэнне і для сённяшняга дня, калі паўстае праблема вяртання сапраўднай беларускай мовы, не забруджанай расійскім моўным уплавам.

Каспяровіч раздзяліў лёс значнай, калі не большай, часткі тагачаснай беларускай інтэлегенцыі — ён быў арыштаваны ГПУ БССР 29 чэрвеня 1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы АГПУ СССР ад 10 кастрычніка 1931 зняволены ў лагерах тэрмінам на 5 гадоў (Асінкі Кемераўскай вобл.). Пасля вызвалення вярнуцца на Беларусь не дазволілі і з 1935 года Каспяровіч жыў у Новасібірску, выкладаў расейскую мову і літаратуру ў тэхнікуме сувязі. Паўторна арыштаваны 28 жніўня 1937 года; паводле пастановы ад 17 снежня 1937 прыгавораны да расстрэлу. Паводле першага прыгавора рэабілітаваны 19 верасня 1960 Вярхоўным судом БССР, паводле другога — 14 лютага 1958 Ваенным трыбуналам Сібірскай ваеннай акругі.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ