“Дай Бог, каб у кожнага ў жыцці было такое “Узгор’е”: успаміны сябраў віцебскага клуба аматараў даўніны

Арганізатары вечарыны ў Духаўскім кругліку 25 красавіка спалучылі дзве падзеі ў адной. Тут прэзентавалі новыя “Віцебскія замкі” – буклет Ігара Цішкіна. На гэты раз выданне надрукавана па-руску. І сабралі разам патрыярхаў віцебскага краязнаўства – сябраў знакамітага клуба аматараў даўніны “Узгор’е”, створанага ў красавіку 1986 года. Гэтыя мужныя, апантаныя віцебскай гісторыяй людзі падзяліліся вельмі каштоўнымі ўспамінамі. Па сутнасці, жыхары сучаснага Віцебска, з яго адроджаным цэнтрам, многім абавязаны менавіта ім, узгорцам. У свой час яны ледзь не клаліся пад экскаватар, каб выратаваць нашыя помнікі-пярліны.

“Замкі” сталі “замками”

Першы раз “Віцебскія замкі” выйшлі ў 2003 годзе. Тады яны былі на роднай мове, прадаваліся ў кожнай кнігарні і з’яўляліся ледзь не настольнай кнігай усіх рупліўцаў роднай гісторыі. Зараз, праз дзесяцігоддзе, брашуру надрукавалі ўжо па-руску – на мове, “універсальнай для ўсіх жыхароў горада”, як прагучала на вечарыне.

Пра “рэінкарнацыю” “замкаў” распавядае сам аўтар – гісторык, краязнаўца, археолаг, былы старшыня клуба “Узгор’е” Ігар Цішкін: “Праз 10 год наспеў час перавыдаць брашуру – літаратуры такога кшталту малавата. Бо з большага гэта выданне не навуковае, не энцыклапедычнае, а навукова-папулярнае, разлічанае на людзей, якія цікавяцца гісторыяй свайго горада, і на турыстаў. Гэты буклет трошкі перапрацаваны, перакладзены на рускую мову і дапоўнены новымі ілюстрацыямі. Асобны дзякуй кіраўніцтву Цэнтра культуры “Віцебск” у асобах Радзівона Баса і Вольгі Сальнікавай (на жаль, гэта ўжо мінулае кіраўніцтва), якія падтрымалі гэты праект, інакш бы кніга проста не выйшла б. У брашуры добрая вёрстка, яна зроблена на добрым паліграфічным узноўні, і гэта заслуга рэкламнага аддзела Цэнтра культуры “Віцебск”. А камерцыйнасць гэтага праекта заключаецца ў тым, што гэту брашуру вы не набудзеце ў сетцы кнігагандлю, яна будзе прадавацца толькі ў Духаўскім кругліку, так бы мовіць, у "парафіі" Цэнтра культуры”.

Каму цікава, «Витебские замки» можна набыць на першым паверсе Духаўскага кругліка. Кошт “студэнцкі” – 15 тысяч рублёў.

Гублялі пасады, але не сумленне

Потым размова перайшла ў плынь успамінаў аб дзейнасці “Узгор’я”. Гэтыя сведчанні падаліся “ННВ” настолькі цікавымі і каштоўнымі, што мы падаем іх асобнымі блокамі, з невялікімі скарачэннямі.

Распавядае Алег Куржалаў, былы адказны сакратар віцебскай суполкі Беларускага таварыства аховы помнікаў:

“Да моманту перабудовы я зразумеў такую рэч: законы ў нас добрыя, але, як толькі пачынаецца сапраўдная ахова помнікаў, то дапамога гэтых законаў адразу ж і заканчваецца. І такім фактам была гісторыя з Пакроўскай царквой. Было прынята рашэнне знесці яе. Бо побач хацелі пабудаваць высотны будынак. Лік ішоў на дні. Там ужо былі прабураны дзіркі, па перыметру будынка царквы. Заставалася толькі ўкласці туды зарады. Але ўдалося падняць грамадскасць. І быў створаны праект аднаўлення царквы і прыставання яе пад філармонію. Ён быў дасланы аж у Маскву, у Міністэрства культуры. Акрамя таго, сабралі каля 400 подпісаў, у тым ліку будаўнікоў, якія напісалі, што гатовы ўзяцца за аднаўленне гэтай царквы. У выніку яе не знеслі, праўда, мне гэта каштавала пасады. А потым узнікла “Узгор’е”, і ягоныя актывісты працавалі на тэрыторыі гэтай царквы – насілі смецце на насілках. Я туды ў асноўным прыходзіў з самаварам. Мы працавалі, а пасля пілі гарбату”.

“Пагоня” за 40 суботнікаў

Па словах узгорцаў, каб выратаваць Пакроўку ад знішчэння, ім даводзілася ледзь не стаяць там з пікетамі. А ў знакамітых суботніках клуба ўдзельнічала каля 300 віцяблян. Непасрэдна на кожны прыходзіла па 40-50 чалавек.

Узгадвае мастачка Ніна Федарыстава (Маеўская):

“Каб не даць разруйнаваць тое, што засталося, мы былі вымушаны ледзь не класціся пад экскаватар. У Пакроўцы пачалі з таго, што выносілі смецце. Складалі яго якраз пад вокны суда. Прыходзілі да нас людзі. Бабулькі бласлаўлялі нас і распавядалі, якой была гэта царква. Прыязджалі людзі, здалёк, нават з Ленінграда, – каб проста папрацаваць разам з намі на раскопах. Але былі і такія, хто прыходзіў і казаў: “Вам, наверное, делать нечего. Приезжайте лучше ко мне на дачу, я вам дам лопату, и вы мне там поможете”. Адна акцыя кашватала вялікіх высілкаў. Мы ўжо вынеслі ўсё смецце, склалі цагліначкі слупкамі, падрыхтавалі Пакроўку да рэстаўрацыі. І аднойчы, калі ў нас быў выходны ад раскопак, іду і бачу: таўчэцца нейкі народ з тазамі, міліцыя з “варанком”. Аказваецца, яны прывезлі бычкоў і запусцілі іх на тэрыторыю Пакроўкі. Узгорцы паднялі такі вэрхал! Сярод нас жа былі і карэспандэнты, і пісьменнікі, і мастакі, і паэты, і іншыя творчыя, і ўвогуле неабыякавыя людзі. 25 год таму мы былі маладыя, моцныя, прыгожыя. Мы працавалі на Пакроўцы і лічылі за гонар выносіць тое смецце. Былі ў нас і святы. Сваім асабістым дасягненнем я лічу першую адкапаную прыступку да храма. З’явілася надзея: “Значыць, тут ёсць і іншыя прыступкі!” Капалі-капалі і дапакалі да брамы. А за 40 суботнікаў мы атрымлівалі маленькі значок у выглядзе сцяжка з выявай “Пагоні”. Як мы ім ганарыліся! Дай Бог, каб у кожнага у жыцці было такое “Узгор’е”!”

“Мая маці была на першым набажэнстве ў Пакроўскай царкве. А пасля распавяла мне: “Ой, Нінка! Пра ваша “Узгор’е” там успаміналі. І сказалі, што вам усе грахі знялі”.

“Працавалі мы і на тэрыторыі касцёла. Ведаеце, які для святой Барбары падрыхтавалі лёс? Каб там было ці то кафэ, ці то рэстаран. Ці ўвогуле знішчыць. Вы падумайце, “публичное заведение” ў святым храме! Але ж гэтага не адбылося. Прыемна, што і наша ратуша цяпер цэлая. А была ж напалову збітая…”

“Даводзілася ледзь не біцца з архітэктарамі”

Сведчыць самы старэйшы сябра клуба, былы выкладчык Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Валянцін Мікалаевіч Арлоў:

“Клуб “Узгор’е” ў культурным жыцці Віцебшчыны адыграў вялікую ролю. Але пра гэта зараз не любяць гаварыць. Калі асвячаўся Успенскі сабор, пра ўсіх ўзгадалі – пра патрыярха Аляксія ІІ, пра ўсіх кіраўнікоў Віцебска і рэспублікі. Казалі, якія яны зрабілі намаганні, каб пабудаваць гэты храм. Так, яны гэта зрабілі. Але ж трэба прыгадаць, што на гэтым месцы чаго толькі не хацелі збудаваць. І кавярню, і казіно… І колькі актывістам “Узгор’я” даводзілася змагацца з архітэктарамі, ледзь не біцца з імі, каб адстаяць гэты буданак. Прасілі і святароў – маўляў, і вы свае "пяць капеек" унясіце ў гэту справу. Адмовіліся! Пабаяліся! Усё ўзвалілі на “Узгор’е”. Па горадзе гаварылі: во, з’явіліся нейкія шпіёны, клерыкалы, якія змагаюцца за помнікі, прычым помнікі культавыя. А ўзгорцы проста змагаліся за тое, каб пакінуць іх наступным пакаленням. З Пакроўскай царквы два самасвалы вывозілі смецце цэлы тыдзень. А дзеля захавання Уваскрасенскай царквы людзі збіраліся ў тэатры Якуба Коласа – там быў спецыльны фонд, дзе збіралі грошы, каб аднавіць храм у тым выглядзе, у якім ён існуе зараз. Дабравешчанскую царкву аднавілі таксама з “падачы” клуба. У горадзе, славутым сваім мінулым, трэба было захоўваць усе яго атрыбуты: гісторыю, архітэктуру, ландшафт. А з ландшафтам, вы ведаеце, што робіцца. Колькі грамадскасць не білася, каб цэнтр горада не псавалі, уладныя, прыўладныя структуры і людзі з вялікімі грашыма рабілі, што хацелі. Так вось з’явіліся “піраміды”, зусім ненатуральныя, і сапсавалі цэнтр горада”.

Спіс з 42-х “нядобранадзейных”

Цікавыя факты пра “Узгор’е” прыгадвае былы галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, а на момант дзейнасці клуба – дырэктар абласнога краязнаўчага музея Ніна Сулецкая:

“Я не ўваходзіла ў клуб непасрэдна, але была ў курсе ўсіх ягоных спраў, бо некаторыя супрацоўнікі нашага музея былі ўзгорцамі, і паседжанні клуба пэўны час праходзілі ў нас, у музеі. За што мне, канешне, ківалі пальчыкам. Аднак да “Узгор’я” прыслухоўваліся. Адзін з мэраў аднойчы прапанаваў на месцы саляных складаў пабудаваць “красивые 9- этажные дома”. Ды па рэакцыі ўзгорцаў ён адразу зразумеў, што гэты праект не пройдзе. Гэта быў момант, калі ўлады слухалі людзей. Я памятаю час, калі ў вокнах рэстарана “Аўрора” выстаўлялі на цэлы месяц праекты забудовы ці рэстаўрацыі будынкаў для грамадскага абмеркавання. І кожны жадаючы мог падысці, паглядзець, выказацца. А дзе мы зараз гэта бачым?!”

“На месцы Уваскрасенскай царквы хацелі зрабіць Дом моды. Ці варьетэ. Узгорцы жартавалі: “вар’ятэ”. Дзякаваць Богу, “вар’ятэ” не адбылося. “Узгор’е” зрабіла так, каб гэтыя падмуркі ўзялі пад ахову дзяржавы. А потым ужо стварылі праект аднаўлення царквы – ад рэлігійнай суполкі. Праваслаўныя па першасці адмовіліся, дык за справу ўзяліся ўніяты. А калі пачалося аднаўленне, тады праваслаўныя ўжо ўзялі гэты храм пад сваю апеку. Аднак, што б там ні было, храм стаіць”.

“Дзейнасць “Узгорь’я” была досыць небяспечнай. Калі адбыўся ГКЧП, 42 прозвішчы ўвайшлі ў спіс Камітэта дзяржаўнай бяспекі. І насупраць кожнага значылася – “удзельнічаў у клубе “Узгор’е”. На жаль, такой суполкі, якая турбавала б грамадскасць і ўлады, зараз у Віцебску няма”.

Да апошніх словаў Ніны Андрэеўны дадаць няма чаго. Проста становіцца вельмі скрушна ад таго, што мы, віцебская моладзь, замест таго каб браць прыклад са старэйшых абаронцаў сваёй гісторыі, умеем толькі адно – весці пустыя і бессэнсоўныя “войны” на форумах у інтэрнэце.

Але не хочацца скончыць гэты артыкул на сумнай ноце. Таму напрыканцы цікавая прапанова, якая, магчыма, увасобіцца ў жыццё. Зноў жа, калі знойдуцца неабыякавыя і энергічныя людзі для прасоўвання гэтай ідэі. А агучыў яе краязнаўца, сябра “Узгор’я” Міхась Паўлаў: “У мяне ёсць ідэя памяняць назвы некаторых транспартных прыпынкаў у Віцебску і адрадзіць да жыцця такія назвы як Верхні замак, Ніжні замак. Калісьці мы адпраўлялі уладам такую прапанову, але падтрымкі тады не атрымалі. А цяпер і час іншы, і кіраўніцтва ў нас іншае... У прынцыпе, прапанова гатова, яе трэба трохі дапрацаваць і адправіць на разгляд прадстаўнікам улады”.

Меткі: , , , , , ,

Чытайце яшчэ