Каля Успенскага сабора ставяць помнік патрыярху Аляксію II

На Успенскай горцы, на плошчы каля Свята-Успенскага кафедральнага сабора, рыхтуюць да ўстаноўкі помнік былому патрыярху Маскоўскаму і ўсёй Русі Аляксію II.

Зараз працоўныя віцебскага будтрэста №9 рыхтуюць пляцоўку для падмурка будучага манумента. Як распавёў "ННВ" прараб Віталь Кручкоў, мантаж помніка павінны завершыць да 23 сакавіка. Вышыня бронзавай фігуры патрыярха разам з гранітным пастаментам складзе каля 5 метраў.

Аўтары помніка – мінскі скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, архітэктар Ігар Марозаў і дызайнер Ігар Воюш.

Каля крыжа святой Еўфрасінні Полацкай манумент стаіць часова. Усталююць яго ўбаку – на другім фота, дзе будаўнікі, бачна, на якім канкрэтна месцы ён будзе знаходзіцца.

Плануецца, што ўрачыстае адкрыццё манумента адбудзецца 7 красавіка, на свята Дабравешчання Найсвяцейшай Багародзіцы.

Характэрна, што помнік Аляксію II будзе знаходзіцца побач з тым самым саборам, аднаўленне якога ён блаславіў падчас свайго візіту ў Віцебск у верасні 1998 года.

Гэта ўжо другі помнік царкоўнаму іерарху ў абласным цэнтры – у 2008 годзе ў двары кафедральнага касцёла Езуса Міласэрнага ўсталявалі 4,5-метровы помнік у гонар Яна Паўла II, на знак 30-годдзя абрання яго Папам Рымскім.

Раней помнік свяцейшаму патрыярху знаходзіўся на падворку рэзідэнцыі архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ