З Днём роднай мовы!

Як толькі паэты не называюць нашу мову! Васільковая, вогнетрывалая, высакародная, гаючая, жытнёвая, ільняная, крэўная, родненькая, сакавітая, спрадвечная… Але ж яны могуць не толькі прыдумаць прыгожыя метафары ды эпітэты. Яны здольны і да жорсткай лірычнай абароны нашага найвялікшага народнага скарба. Вось, як напрыклад, Генадзь Бураўкін у сваім наступным вершы.

Генадзь Бураўкін

Чорнай навалай коціцца зверху
Гвалт небывалы,
Раз’ятраны вэрхал:
У кіраўнічых суровых прамовах
Бэсціцца зноў беларуская мова:
Быццам бы наскія словы не здатны
Выказаць талент і розум выдатны.

Новай уладзе не пашанцавала –
Хоць да спадобы ёй бульба і сала,
І самазвалы,
І фермы,
І нівы,
Непераборлівы люд наш цярплівы,
Бор карабельны,
Мёд верасовы, −
Косткаю ў горле народная мова.
Колькі душылі яе і травілі,
А не складае падбітае крылле,
А ўсё жыве і ніяк не канае –
Песня азёрная,
Казка лясная.

Перажыла наша родная мова,
І Бенкендорфа, і Мураўёва,
Панскія здзекі,
Чэкісцкія чысткі,
Рогат імперскі,
Вырак фашысцкі...
Тых,
Хто з трасянкаю ў галаве,
Перажыве!

(1995)

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ