У Дзень горада ў Віцебску будзе працаваць рэжымна-абмежавальная зона (адноўлена)

На святкаванне Дня горада Віцебска ягоныя жыхары змогуць трапіць толькі праз металашукальніцкія брамы і асабісты дагляд. Прынамсі, у самы цэнтр з раніцы суботы, 23 чэрвеня, іншага шляху не будзе.

Як і на Дзень Перамогі, 12 пунктаў пропуску ўсталююць на плошчы Перамогі, вуліцы Леніна (ад вуліцы «Праўды» да праспекта Чарняхоўскага), вуліцы Калініна (ад плошчы Перамогі да дома №5 па вуліцы Калініна).

Пасля парада і цырымоніі, якая адкрые святкаванне Дня горада, турнікеты прыбяруць. Аднак увечары, калі на плошчы Перамогі пачнецца канцэрт з удзелам зорак айчыннай эстрады, усім жадаючым трапіць сюды давядзецца зноў праходзіць праз асабісты дагляд. Доступ на цэнтральную гарадскую плошчу і ў парк Пераможцаў будзе абмежаваны і падчас салюта, які запланаваны на 22.30.

У другі дзень святкавання Дня горада, у нядзелю, праз турнікеты можна будзе трапіць на два масавыя мерапрыемствы. Гэта водна-спартыўнае шоў на беразе Дзвіны, якое пачнецца ў 19.00. І дыскатэка на плошчы Перамогі, пачатак якой прызначаны на 20.30.

Рух грамадскага транспарту ў цэнтры горада раніцай 23 чэрвеня будзе спынены – на час, пакуль не скончацца галоўныя святочныя імпрэзы. Аднак ёсць і прыемная навіна: для тых, хто гуляе позна. У ноч з 23 на 24 чэрвеня і з 24 на 25 чэрвеня гарадскі транспарт будзе хадзіць да 3 гадзін раніцы.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ