Аршанскія дзеці будуць вучыць азбуку па буквары – падручніку гісторыі

У чэрвені ў Оршы збіраюцца выдаць “Аршанскі буквар”, напісаны мясцовымі педагогамі Сяргеем і Галінай і Трафімавымі. Кожная літара ў гэтым лемантары будзе звязана са славутай аршанскай мясцінай ці асобай. Дзеткі будуць запамінаць азбуку, вывучаючы гісторыю гарадскога замчышча, Куцеінскага манастыра, Аршанскага Евангелля, біяграфію Уладзіміра Караткевіча і інш.

У прадмове да кнігі будуць звесткі аб першым “Буквары”, які выдаў у 1631 годзе ў Куцеінскім манастыры друкар Спірыдон Собаль. Ілюстрацыі да выдання зрабілі таксама маленькія аршанцы – навучэнцы дзіцячай мастацкай школы. Наклад кнігі – 3 тысячы асобнікаў. Частка стане цудоўным падарункам для першакласнікаў 1 верасня, а частка трапіць у аршанскія бібліятэкі і кнігарні, піша БелТА.

Істотная загана новай кнігі – яна будзе па-руску. Так што зноў маленькія землякі Караткевіча будуць чытаць свае першыя словы на чужой мове…

Даведка “ННВ”: Спірыдон Собаль – беларускі друкар, асветнік і літаратар. У 1630 годзе заснаваў пад Оршай Куцеінскую друкарню, якая стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. Свой буквар Спірыдон Собаль напісаў у 1630-1631 гг. Выйшаў ён двумя выданнямі – 1634 года ў Куцейне і 1636 года ў Магілёве. На тытульных аркушах буквароў былі размешчаны гравюры рэлігійнага зместу, сама кніга змяшчала звесткі пра вершаскладанне, тэксты з Бібліі, царкоўныя каноны, малітвы. Буквар Спірыдона Собаля быў адметны тым, што ўпершыню ў яго назве ўзгадвалася, што ён выдадзены спецыяльна для дзяцей. Адзін з буквароў аршанскага друкара захоўваецца ў Нацыянальным музеі Украіны ў Львове. Яго копія ёсць у Аршанскім музеі гісторыі і культуры.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ