Слова як птушка

Сёння агульнае свята для журналістаў з усіх кантынентаў – Сусветны дзень свабоды друку. У Беларусі ж на афіцыйным узроўні гэту дату не заўважаюць: у назве свята ёсць адно прыгожае, ёмістае і страшнае слова – свабода.

Супрацоўнікаў дзяржаўных медый у нашай краіне віншуюць 5 мая, у Дзень друку, які бярэ сваю гісторыю ад бальшавіцкай газеты “Правда”. Цікава, ці выпісвае хто ў Беларусі зараз тую “Правду”, але ж традыцыя, відаць, згіне няхутка…

Што тычыцца Сусветнага дня свабоды друку, то нарадзіўся ён у Афрыцы. 3 мая 1991 года ў сталіцы Намібіі прадстаўнікі незалежнай прэсы “чорнага кантынента” прынялі «Віндхукскую дэкларацыю». І ў ёй быў заклік да ўрадаў дзяржаў свету аб забеспячэнні свабоды прэсы і яе дэмакратычным і незалежным характары.

Можна доўга казаць пра беларускую прэсу пад прэсам. Пра тое, што незалежныя выданні ў нас можна пералічыць за некалькі хвілін. Пра тое, як няпроста працаваць у гэтых умовах журналістам недзяржаўных СМІ.

Але ўсё гэта будзе сумна, доўга і зусім несвяточна.

Няхай наша свабода пакуль зацугляная. Але ж Слова, як і птушку, не зацугляеш. Птушка ж вольная – і лётае, дзе хоча, пад гэтым светлым Божым небам. Так і свабоднае Слова – яно ўсё адно нараджаецца і ляціць да таго, хто хоча яго прыняць.

Народныя навіны Віцебска” віншуюць тых сваіх калег, хто сёння дапамагае палёту гэтай птушкі свабоды. І хто ўзважвае кожнае сваё Слова, перад тым як выпусціць яго ў свет.

І, канешне ж, мы віншуем ўсіх нашых чытачоў, хто ўсе гэтыя гады з намі. Ваша маральная падтрымка дапамагае нам трымацца на гэтай выспе свадобнага Слова. Будзем шчыраваць, каб і далей быць адказнымі за тое, што робім.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ