Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці: “У беларускай душы ёсць нешта, што яднае яе з пакутамі Хрыста”

У Віцебску з двухдзённым візітам знаходзіцца апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Учора высокі госць сустрэўся з прадстаўнікамі мясцовай улады, наведаў Дом-музей Марка Шагала. А сёння прыняў удзел у традыцыйнай велікоднай прэс-канферэнцыі і ў святой імшы ў кафедральным касцёле Езуса Міласэрнага.

Пасол Ватыкана крануў сваёй шчырасцю. Да прыкладу, госць прызнаўся журналістам, што ён “тыповы еўрапеец”: “А Еўропа ведае мала пра Беларусь. І гэта вялікі недахоп нашага культурнага выхавання”.

Віцебскую дыяцэзію арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці наведвае ў другі раз, пры гэтым у Віцебск ён прыехаў упершыню. Тым не менш госцю хапіла ўражанняў і часу, каб зрабіць высновы ад сваіх візітаў на прыдзвінскую зямлю: “Я ўзрушаны асаблівасцямі гэтай дыяцэзіі. Гэта дыяцэзія, якая пачалася амаль што з нуля – пасля доўгай “зімы” Савецкага Саюза. Але яна ўжо дасягнула вынікаў, якія не могуць не здзіўляць. І гэтыя вынікі характарызуюць якасці пастыра, які кіруе дыяцэзіяй, якасці святароў, якія супрацоўнічаюць з біскупам, а таксама якасці людзей, якія шукаюць веру і глыбіню ў сваім жыцці. У іншых месцах я рэдка сустракаў такіх людзей. У душы беларусаў ёсць нешта, што яднае яе, гэту беларускую душу, з пакутамі Хрыста”.

Яго эксцэленцыя вельмі паважліва выказаўся пра нацыянальны характар беларусаў: “Колькі цярпення каштавала беларусам быць самімі самой, не здрадзіць уласнай тоеснасці! І гэта адрознівае гэты народ ад іншых народаў. І гэта тое, што Хрыстос нёс на крыж. А народ беларускі нёс, як свой крыж. …Цярпенне – гэта вялікі боль, але адначасова і вялікая школа. І беларусы прайшлі гэту школу і не закрыліся ў сабе, а вынеслі з яе ўсё тое найлепшае, чаму можна навучыцца”.

На пытанне пра мірнае суіснаванне розных канфесій у Беларусі, апостальскі нунцый таксама не без паэтыкі адзначыў: “Дзяліць Хрыста – гэта вялікі грэх. Мы зацікаўленыя ў тым, каб не быць антысведкамі хрысціянства. І таму я і Святы пасад вельмі высока ацэньваем мірнае супрацоўніцтва, якое існуе паміж канфесіямі ў Беларусі. Трэба адзначыць, што ўлады краіны дапамагаюць і садзейнічаюць гэтаму супрацоўніцтву. І ўчора падчас сустрэчы з губернатарам Віцебскай вобласці я адчуў выразную гатоўнасць да супрацоўніцтва ў гэтай галіне”. Як прыклад міжканфесійнай згоды госць прывёў сустрэчу з прадстаўнікамі Віцебскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, якая адбылася напярэдадні.

Зайшла размова і пра культуру. Госць высока адзначыў творчасць нашага славутага земляка Марка Шагала і паведаміў, што “ў касцёлах вельмі шмат” ягоных твораў. І распавёў пра сюрпрыз, які рыхтуецца ў Ватыкане: “Мы працуем над падрыхтоўкай маленькай неспадзяванкі для Віцебска. Яна тычыцца інтэрпрэтацыі творчасці Марка Шагала як чалавека, які жыў ў Віцебску. Гэта будзе значны і вялікі праект”. Але падрабязнасцей “неспадзяванкі” царкоўны дыпламат не раскрыў: “Афіцыйна я буду гаварыць пра гэта тады, калі буду мець пэўнасць, што гэта будзе, каб не ствараць надзеі, якая потым, можа, не знойдзе рэалізацыі”.

Як паведамлялі афіцыйныя СМІ, учора падчас сустрэчы са старшынём Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам апостальскі нунцый выступіў з ініцыятывай арганізаваць у Віцебску выставу прац Марка Шагала з фондаў Ватыкана.

Пасля прэс-канферэнцыі ў касцёле Езуса Міласэрнага адбылася імша. На ёй апостальскі нунцый маліўся разам з вернікамі Віцебска.

Даведка “ННВ”: Апостальскі нунцый – духоўная асоба, часцей за ўсё – арцыбіскуп, якая з’яўляецца пастаянным дыпламатычным прадстаўніком Ватыкана і асабіста Папы Рымскага ў дзяржавах, з якімі ўстаноўленыя дыпламатычныя адносіны.

Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 г. у Вероне. Скончыў факультэт усходніх моў і літаратуры пры Венецыянскім дзяржаўным універсітэце. Атрымаў вучоную ступень магістра навукі святой літургіі пры Папскім літургічным інстытуце святога Анзэльма ў Рыме. Апостальскім нунцыем у Беларусі з’яўляецца з 16 ліпеня 2011 года. Да гэтага займаў пасаду апостальскага нунцыя ў Грузіі, Арменіі і Азербайджане.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ