Сяргей Каваленка важыць толькі 45 кілаграмаў

29 сакавіка з Сяргеем Каваленкам, які знаходзіцца ў псіхіятрычным аддзяленні папраўчай калоніі №3 ў пасёлку Віцьба, сустрэўся адвакат. Ён паведаміў Алене Каваленка, што галадоўніку зрабілі прамыўку страўніка, і яго вага ўпала да 45 кілаграмаў. Жонка апазіцыянера тэрмінова выехала да калоніі.
Алена Каваленка каля папраўчай калоніі №3 ў пасёлку Віцьба. Фота Сержука Серабро

Па прыездзе ў Віцьбу яна ўбачыла на прахадной урача калоніі з двумя цывільнымі медыкамі, якія прыехалі трохі раней. Цывільны ўрач, аднак, сказаў, што не ведае да якога хворага яго выклікалі.

Медыкі прабылі ў калоніі больш за паўтары гадзіны, а потым іх вывелі так, каб яны не змаглі убачыцца і пагаварыць з роднымі Сяргея. Усё ж Алена Каваленка ў размовах з начальнікам папраўчай калоніі і яго намеснікам замагла дабіцца сустрэчы з турэмным урачом.

Алена Каваленка у папраўчай калоніі №3 ў пасёлку Віцьба. Фота Сержука Серабро

Пры сустрэчы з жонкай галадоўніка урач калоніі пацвердзіў, што цывільныя медыкі прыязджалі менавіта да Сяргея Каваленкі. Рэаніматолаг аглядзеў яго і даў рэкамендацыі мясцоваму ўрачу для распрацоўкі курса артэрыяльнага харчавання галадоўніка. Спадар Каваленка зноў адмовіўся прымаць харчаванне да перавода ў звычайную лякарню, і яму быў прымусова ўстаўлены катэтар у лакцявую вену, праз які будзе ўводзіцца харчавальны раствор.

Праз кропельніцу зараз будуць уводзіць адмысловы раствор для падтрымання бялковай масы цела, у той час як ранейшыя ўліванні глюкозы, па словах урача, маглі нанесці шкоду венам. Новы курс можа запатрабаваць адмыловыя нятанныя лекі, аднак адміністрацыя калоніі паабяцала жонцы забеспечыць Сяргея Каваленку неабходнымі прэпаратамі. Пры гэтым рэабілітацыя пасля выхаду з галадоўкі можа цягнуцца да года.

Са слоў родных, якім, відаць, гэта паведаміў адвакат, “Народным навінам Віцебска” стала вядома, што спадар Каваленка спіць у вопратцы, шапцы, шкарпэтках і пальчатках пад двумя коўдрамі. Тэмпература яго цела апусцілася ніжэй 35 градусаў.

Сёння Алена Каваленка накіравала некалькі скаргаў — у абласны суд, абласному пракурору, начальніку папраўчый калоніі №3 і начальніку упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў МУС — дзе паведамляе, што ў выніку працяглай галадоўкі Сяргей Каваленка поўнасцю згубіў падскурную тлушчавую клятчатку, у яго адбыліся атрафія мышцаў, рэзкая слабасць (да поўнай немагчымасці ажыццяўляць самастойны рухі), палігіпавітаміноз, назіраюцца прыкметы сардэчнай, пячоначнай і ныркавай недастатковасці, анемія, абязвожванне, эрозія страўніка, гіпатэрмія і нарастаючае падзенне ціску. Родныя лічаць, што галадоўніку тэрмінова неабходная кваліфікаваная медычная дапамога, дзеля чаго патрабуюць неадкладна перавесці яго ў цывільны шпіталь пад нагляд спецыялістаў.

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ