Віцебская вясна на бешанковіцкі матыў

У Віцебску зараз можна ўбачыць не толькі жывога зубра ў заапарку, але і ягонага сабрата, зробленага з саломкі. Крыху наводдаль на гэтай жа выставе – рэдкая тэхніка роспісу па шкле – у Беларусі зараз адзінкі майстроў, якія авалодалі гэтым мастацтвам нашых продкаў. Саламяны зубр і вітражны роспіс, а таксама іншыя цікавосткі экспануюцца ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (ВАМЦНТ).

Тут зараз працуе выстава “Вясновыя матывы”, якая знаёміць з цудоўнымі творамі майстроў і самадзейных мастакоў з народнага клуба “Скарбонка” Бешанковіцкага раённага Дома рамёстваў.

Як распавяла “ННВ” галоўны мастак ВАМЦНТ Алена Міхайлаўна Бараўцова, бешанковіцкія ўмельцы прывезлі ў Віцебск усю скарбонку сваіх талентаў. І гэта скарбонка такая багатая, стракатая і прыгожая, што вочы разбягаюцца і ты не ведаеш, на што звярнуць увагу ў першую чаргу…

Кіраўнік клуба Марыя Калкова прадставіла на выставе вышытыя абразы, абрусы і сурвэткі. Над скульптурай саламянага зубра некалькі месяцаў працавала
Алена Пагарэльская. А яшчэ гэта майстрыца адраджае рушнікі. “Прычым менавіта мясцовыя, бешанковіцкія. Рушнікі гэтага паўночнага краю адрозніваюцца асаблівай вытанчанасцю, празрыстасцю свайго геаметрычнага ўзору”, – адзначае А.Бараўцова.

А вось гэтыя пано з цудоўнымі кветкамі, па якіх гуляе сонечны прамень, – роспіс па шкле Алесі Аўчыннікавай. “Такі роспіс быў раней традыцыйным, але сёння гэта рэдкі від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На Віцебшчыне такіх майстроў адзін-два, не болей. Прычым Алеся Аўчыннікава вытрымлівае народны стыль, яна гэта адчувае. Малюнкі на шкле – вельмі прыгожыя, яны адлюстроўваць святло, ствараецца эфект свячэння, карціна нібы «іграе» на сонцы”, – кажа Алена Міхайлаўна.

Сябра Саюза майстроў Беларусі Галіна Ханяк тчэ паясы, стварае карціны з лапікаў і робіць лялек. Такіх, як некалі з абрэзкаў тканіны круцілі для сваіх унучак вясковыя бабулі. Ганна Гудоўская займаецца керамікай – яна прадставіла на выставе старадаўні беларускі посуд, у тым ліку спарышы – гліняныя гаршкі, змацаваныя ручкай, у якіх даўней насілі ежу на сенакос ці жніво. А дырэктар Бешанковіцкага раённага Дома рамёстваў Вера Варанько стварыла з гліны цэлы “аўтапарк” – тут і керамічны паравозік, і нават кабрыялет.

У другім зале, паралельна з выставай бешанковіцкіх рамеснікаў, у абласным метадычным цэнтры народнай творчасці зараз экспануюцца вышытыя карціны віцяблянак Ларысы Стальмаковай і Галіны Сушчанкі.

Даведка “ННВ”: Клуб “Скарбонка” працуе пры Бешанковіцкім раённым Доме рамёстваў з 1995 года. Праз два гады атрымаў званне “народны”. Сёння ў клубе 30 удзельнікаў. Яны працуюць у розных напрамках народнай творчасці: шыццё з абрэзкаў, кераміка, ганчарства, ткацтва, разьба і роспіс па дрэве, роспіс па шкле, вышыванне, вязанне, бісера- і саломапляценне. “Скарбонка” ўдзельнічае ў разнастайных раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных культурных праектах.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ