Суд над Каваленкам. Дзень трэці: разгон і закрыты суд

Віцебскія міліцыянты, якім давялося святкаваць Дзень абаронцаў Айчыны на судзе ў Сяргея Каваленкі, паказалі сябе сапраўднымі мужчынамі. Моцнымі. Высакароднымі. Смелымі. Іхні гарт, адвагу і фізічную падрыхтоўку ацанілі сёння ўсе, хто трапіў ім пад гарачую руку падчас разгону людзей у судзе Першамайскага раёна.
Трэці дзень суд над Сяргеем Каваленка. фота Сержука Серабро

Месца дзеяння: калідор першага паверха суда, каля ўваходу ў залу №6, дзе павінен адбыцца суд.

Дзеючыя асобы: каля 30 гараджан, праваабронцаў і журналістаў, якія прыйшлі 23 лютага падтрымаць Сяргея Каваленку. Прыкладна столькі ж супрацоўнікаў праваахоўных органаў на чале з намеснікам начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама Ігарам Скарыновічам і намеснікам начальніка аховы правапрадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэем Івановым.

Трэці дзень суд над Сяргеем Каваленка. фота Сержука Серабро

Сцэна першая. На ўваходзе ў суд: “Здыміце і перагарніце ўверх боты!”

Пасля таго, як ўчора жонка падсуднага Алена Каваленка пранесла ў залу суда бел-чырвона-белы сцяг, міліцыя ўзмацніла “фэйс-кантроль”. Металашукальніцкая “брама”, вельмі пільны агляд асабістых рэчаў у сумках і кішэнях. Запатрабавалі выкласці на стол ўсё, нават люстэрка. А потым жанчына-міліцыянер загадала мне зняць… боты. І перавярнуць іх дагары нагамі. Давялося падпарадкавацца – дужа ж хацелася трапіць на суд. Пасля таго як міліцыянерша пераканалася, што з майго абутку не выпаў ні сцяг, ні яшчэ што-небудзь, мяне прапусцілі да стала, дзе ўжо трэці дзень перапісваюць дадзеныя ўсіх, хто прыходзіць у гэты будынак Феміды.

Трэці дзень суд над Сяргеем Каваленка. фота Сержука Серабро

Пасля я даведалася, што боты ў паветры ніхто больш не пераварочваў. Нават мужчыны. Толькі я, маці і жонка падсуднага – Лідзія і Алена Каваленкі. Самае лагічнае тлумачэнне, якое прыходзіць на розум: аўтара гэтых радкоў проста пераблыталі з жонкай Сяргея – у нас з ёй чымсьці падобныя тыпажы знешнасці.

Трэці дзень суд над Сяргеем Каваленка. фота Сержука Серабро

Сцэна другая. “А гвалту мы дамо адпор!”

10.30. У судовую залу вядуць Сяргея Каваленку. Па дарозе ён не спявае, а чытае, як верш, нацыянальны гімн БНР:
Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны свой прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!

10.35. Праз натоўп у калідоры ў залу суда з цяжкасцю праціскаюцца адвакаты Пётр Каваленка і Аляксандр Галіеў, перакладчык Сяргей Міхайлаў. Як толькі за апошнім зачыняюцца дзверы, каля яе шыхтуецца каля дзясятка міліцыянтаў. Адзін з іх гучна заяўляе: “Усё, суд пачаўся! Больш ніхто у зал не зойдзе”. Народ ашаломлены: “Як так? Чаму мы не можам прайсці ў зал?” “Таму што там ўжо няма месцаў. Там ўжо сядзяць людзі. І суд ужо ідзе”, – тлумачаць праваахоўнікі.

Трэці дзень суд над Сяргеем Каваленка. фота Сержука Серабро

Тут да людзей нарэшце даходзіць, што суд сёння пройдзе ў закрытым рэжыме – нікога ў зал не пусцяць. Калідор суда пераўтвараецца ў філіял вар’ятні. З усіх бакоў на міліцыянтаў, як камяні, ляціць:

– Это не суд! Банда преступников! Вы моральные уроды! Придет время, и вы персонально каждый ответите!
– Они делают закрытый суд. Убийцы! Вам бы такая кара!
– Сволочи! Убивают Сергея. Вы думаете, он сдастся, да? Что он вам сделал? Убил, украл, обворовал кого?
– Надели погоны… Снимите погоны, не позорьтесь. Вы позорите Родину. Да ее у вас и нет. Вы живете с налогов. С моей пенсии каждый месяц 100 тысяч сдирают, чтобы вы жрали каждый день. Наели морды, животы выставили вперед, стоят тут. И это мужики, называется… Кровососы вы! Мордовороты!

Сзаду натоўпа нехта пачынае гнаць “ціхароў”: “А вы тут что стоите? Ишь, надел шапочку! Думаешь, не видно тебя под ней? Иди к своим, туда, на ту сторону баррикады!”

Сцэна трэцяя. Разгон.
10.40. З дзвярэй двойчы высоўваецца сакратарка суда: “Не смейте кричать, ничего тут из-за вас не слышно!» Народ усё адно раве нема.

На аванцэну выходзіць палкоўнік Іваноў: “Уважаемые, вы срываете судебное заседание, Поэтому предлагаю вам разойтись”. Ніхто яго не слухае. Іваноў спрабуе давесці: “Это решение судьи. Подчинитесь решению судьи”.

“Рашэнне суддзі” усё ігнаруюць. Настрой Іванова вокамгненна мяняецца. Як толькі з ягонага твару сплыла ветлівая ўсмешка, пачынаецца зачыстка калідору. Вушы закладае ад пранізлівага жаночага віску. “Спакойна, спакойна”, – прыгаворвае Іваноў. У гэты час да выхаду выштурхоўваюць праваабаронцу Паўла Левінава.

Выганяюць і нашага брата. “Сергей Васильевич, уходите. У вас дорогая техника и все такое…”, – кідае Іваноў у бок Сержука Серабро. Падхоплівае пад рукі журналіста “Витебского курьера” з мілымі словамі: “Пока очки целы…” Карэспандэнтку “Радыё Свабода” да выхаду цягнуць ажно трое міліцыянтаў… На мяне амаль умольна глядзіць нейкі светлавокі міліцыянт. І падкрэслена ветліва кажа: “Пожалуйста, выйдите из помещения». Выходжу – не хочацца ж чалавеку сапсаваць свята абаронцаў Айчыны. Ці разуцца ў паветры…

Сцэна чацвёртая. “Иванов – Герой России!»

10.45. Усе, хто прыйшоў падтрымаць Каваленку, ужо апынуліся на вуліцы. Дзелюцца ўражаннямі. “Майго мужа ў тамбуры, перад выхадам, білі трое. Я кінулася яго ратаваць, дык мне па почках далі. А адной старой жанчыне так па нагах далі, што яна зараз ісці не можа”, – лямантуе маці Каваленкі.

З будынка выходзіць палкоўнік Іваноў. Насоўвае на галаву шапку, пераможна ўсміхаецца. Ён відавочна задаволены. Нехта кпіць: “Ну што, добра адзначылі 23 Лютага?”
Иванов – Герой России! – з гонарам кажа палкоўнік.

Апранутым па форме гэтага палкоўніка з класічным рускім прозвішчам журналісты ніколі не бачылі. Ён весяльчак і моднік. Ходзіць бадзёрай пружынячай паходкай чалавека, які любіць займацца спортам. Голас звычайна не павышае, не нервуецца па дробязях, захоўвае раўнавагу і спакой. Улетку носіць квяціста-пярэстыя кашулі з буйным прынтам, узімку – яркія лыжныя курткі. Таму які-небудзь чалавек збоку-прыпёку ніколі не здагадаецца, што мачо ў пляжнай кашулі – ёсць высокі міліцыйскі чын. На Дзень абаронцаў Айчыны палкоўнік упершыню паказаў, якім ён бывае ў гневе…

Закрыты суд
Далей мы будзем інфармаваць сваіх чытачоў кароткімі паведамленнямі, якія становяцца вядомымі з-за закрытых дзвярэй суда.

Каля 12.00. У суд прыязджала хуткая, якую выклікала суддзя Алена Жук. Сяргею Каваленку зрабілі нейкі ўкол. І ён страціў прытомнасць. Міліцыянты нервова забегалі.

12.48. Суд працягваецца. На кароткі час Каваленку вывелі з залы, а потым зноў завялі туды. Жонка Сяргея, пабачыўшы яго, гучна плача. Па яе словах, ён стаў сіні.

13.44. Прывезлі ежу для канвойных. На вуліцы ідзе мокры снег. Журналісты, сваякі Каваленкі і астатнія, хто прыйшоў яго падтрымаць, стаяць у тамбуры - невялічкім пакойчыку паміж фае і ганкам.

14.40. У судзе абвешчаны кароткі перапынак, хутчэй за ўсё, да 15.00. У зал па-ранейшаму з групы падтрымкі Каваленкі нікога не пускаюць. Там сядзіць прыкладна 15 чалавек, пераважна сталага ўзросту. Іваноў пракаментаваў гэта так: "Два дня вы сидели. А теперь другие люди пришли. Мог любой прийти, хоть моя бабушка". На думку праваабаронцаў, гэтую "масоўку" міліцыя запрасіла спецыяльна, каб у зал не маглі трапіць сваякі падсуднага і СМІ. Хаця з'явілася інфармацыя, што журналісты там усё-ткі ёсць. Дзве жанчыны, якія ўвесь час на судовым разбіральніцтве нешта запісваюць, хутчэй за ўсё, карэспандэнткі абласной дзяржаўнай газеты "Віцебскі рабочы".

15.07. Сапраўды, на сайце "ВР" змешчаны невялікі онлайнавы запіс з суда.

15.12. Абодва адвакаты і сам падсудны хадайнічалі аб змене для яго меры стрымання. Суддзя ў гэтым адмовіла.

15.38. Зараз ідзе допыт Каваленкі. У залу суда ён заходзіў пасля перапынку хістаючыся.

15.55. Як піша "ВР", адным з хадайніцтваў Каваленкі было запрасіць на суд яго сваякоў і сяброў. Аднак суддзя яго адхіліла. Бо, цытуем абласную газету, "на предшествующем заседании родственники и друзья Коваленко устроили беспорядок, дебоширили и мешали процессу". Анлайн вядзецца абсалютна непрафесійна - з самай раніцы журналіст з залы суда перадаў ўсяго 6 абзацаў.

16.40. Суддзя дапытала сведкаў Пахноўскага, Якушэвіча, Шыліну, якія з'яўляюццца супрацоўнікамі інспецыі па выкананні пакаранняў. Зараз ідзе допыт новага сведкі - міліцыянера Белавуса.

17.20. Маці Каваленкі выклікала хуткую для сына. Па словах Алены Каваленкі, медыкі прыехалі, але міліцыянты адразу ж павялі іх у кабінет да намесніка старшыні суда Першамайскага раёна. Праз кароткі час брыгада медыкаў выйшла адтуль і, мінуючы залу суда, дзе знаходзіцца Каваленка, пакінула будынак і з'ехала.

17.40. Абвешчаны перапынак на 5 хвілін. Засталося апытаць трох сведкаў - жонку падсуднага Алену Каваленку, ягонага малодшага брата Віталя Каваленку і Іванова, які сёння не з'явіўся суд. Пасля перапынку суддзя павінна аб'явіць, калі працягнецца суд заўтра.

18.20. У судзе ў якасці сведкі выступае жонка падсуднага Алена Каваленка.

18.40. Стала вядома, што "масоўка", якая сядзела сёння на судзе ў якасці слухачоў, была запрошана загадзя. Гэтых людзей запрасілі прыйсці ў суд і заняць свае месцы ў зале да 10 гадзін раніцы. Пачатак жа пасяджэння быў аб'яўлены на 10.30.

18.45. Нягледзячы на тое, што ўжо скончыўся працоўны дзень у судзе, пасяджэнне яшчэ працягваецца.

19.00. Суд на сёння скончыўся. Пачатак заўтрашняга пасяджэння абвешчаны на 10.00 раніцы.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ