Сумнавядомы чыноўнік Андрэй Герашчанка звольнены ў сувязі са сканчэннем кантракта

Начальнік аддзела па справах моладзі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска Андрэй Герашчанка, які набыў скандальную вядомасць пасля публікацыі шэрага антыбеларускіх матэрыялаў, звольнены ў сувязі са сканчэннем кантракта.
Сумнавядомы чыноўнік Андрэй Герашчанка звольнены ў сувязі са сканчэннем кантракта. Фота beloruslit.hut.ru

“Справа Герашчанкі” пачалася пасля таго, як чыноўнік даў інтэрв’ю расейскаму парталу “Материк”, дзе разважаў пра штучнасць беларускай мовы, культуры і адмаўляў існаванне беларускай нацыі, а Беларусь назваў “ещё одним русским государством”.

Падобныя выказванні дзяржаўнага служачага выклікалі рэзкую рэакцыю кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея, і старшыні афіцыёзнага саюза пісьменнікаў, сябрам якого з’яўляецца Герашчанка, Мікалая Чаргінца, які заявіў, што “мы будзем з такімі распраўляцца”. У выніку віцебскі чыноўнік быў адзіным на апошнім з’едзе праўладнага саюза пісьменнікаў, хто прагаласаваў супраць перабрання былога міліцэйскага генерала старшынём, паведамляе ІА “REGNUM”.

Афіцыйнае уведамленне пра спыненне працоўных стасункаў. Фота ІА “REGNUM”

Андрэй Герашчанка зяўляў, што ў лютым яму параілі звольніцца, аднак па сваім жаданні ён сыходзіць не стаў. Цяпер падобна на тое, што адэпту Вялікай Расіі прыйдзецца пашукаць новае працоўнае месца замест утульнага чыноўніцкага крэсла. 23 лістапада ён атрымаў афіцыйнае уведамленне, што адміністрацыя Кастрычніцкага раёна спыняе з ім працоўныя стасункі з 26 снежня ў сувязі са сканчэннем тэрміна кантракта.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ