У Полацку ўшаноўваюць крыж Еўфрасінні Полацкай

27 верасня адзначаецца вялікае праваслаўнае свята – Узвіжанне Святога і Жыватворнага Крыжа Гасподняга. Асабліва ўрачыста яго сёння адзначаюць ў полацкім Спаса-Еўфрасіннеўскім жаночым манастыры.

Да царкоўнай даты тут прымеркавалі святкаванне 850-годдзя з дня стварэння ўнікальнай беларускай святыні – крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай, які быў выраблены ювелірам Лазарам Богшам у 1161 годзе па замове заснавальніцы і ігуменні полацкага манастыра. Рэліквія, як вядома, была страчана, але ў Полацку захоўваецца яе копія, створаная мастаком Мікалаем Кузьмічом.

У прастольным свяце ў Свята-Крыжаўзвіжанскім саборы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ўдзельнічае мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі. Учора кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы ўзначаліў усяночнае трыванне з чынам узвіжання крыжа святой Еўфрасінні. Сёння ўладыка ўзначаліў у саборы боскую літургію, падчас якой копія крыжа была вынесена з прастолу і ўскладзена на аналой.

Чакаецца, што мітрапаліт Філарэт прабудзе на Віцебшчыне яшчэ некалькі дзён. 29 верасня ў Віцебску адбудзецца пасяджэнне Святога Сінода Беларускай праваслаўнай царквы пад яго старшынствам. А ў пятніцу, 30 верасня, уладыка здзейсніць чын асвячэння віцебскага Свята-Успенскага кафедральнага сабора.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ