Гулівер з-пад Віцебска

У Віцебскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ў пасёлку Акцябрскі 9 верасня прайшла вечарына памяці Фёдара Махнова. Гэты ўраджэнец Віцебшчыны на пачатку ХХ стагоддзя сваім веліканскім ростам нарабіў такога шуму, што яго ведалі па ўсім свеце і з гонарам прымалі ў сябе нават такія высокія асобы як Папа Рымскі і амерыканскі прэзідэнт Тэадор Рузвельт.Вечарына памяці Фёдара Махнова. Фота Сержука Серабро

У фае музея стаяў кардонны сілуэт Махнова ў поўны рост. Фігура ўзвышалася амаль пад столь! Па неафіцыйных дадзеных, віцебскі Гулівер меў рост 285 сантыметраў і быў самым высокім чалавекам на Зямлі. Афіцыйна прызнаны рэкорд складае 272 см – такі рост быў у амерыканца Роберта Першынга Уодлоў.

Вечарына памяці Фёдара Махнова. Фота Сержука Серабро

Усе жадаючыя ўдзельнікі вечарыны, а гэта ў асноўным былі школьнікі, маглі падысці і памерацца ростам з фігурай. Кардонны волат іранічна ўсміхаўся з гэтых спробаў. Што казаць пра дзяцей, калі нават Аляксей Андрэянаў (рост 208 см) і Наталля Русанава (197,5 см) – пераможцы адкрытага гарадскога конкурсу веліканаў, які праводзіўся летась у Віцебску, былі кардоннаму велікану толькі па локаць.

Старыя фота Фёдара Махнова

Вечарыну падрыхтаваў і правёў старэйшы навуковы супрацоўнік Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Уладзімір Булаўскі. Ён распавёў пра жыццё Фёдара Махнова. Паслухаць гэта было цікава не толькі дзецям, але і дарослым.

Старыя фота Фёдара Махнова

Фёдар Андрэевіч Махноў нарадзіўся 6 чэрвеня 1878 года на хутары непадалёк ад вёскі Касцюкі ў Старасельскай воласці Віцебскага павета Віцебскай губерніі ў беднай сялянскай сям’і. Яго бацькі, два браты і дзве сястры росту былі вышэй за сярэдні, але волатамі не лічыліся. А Фёдар ўжо ў юнацтве быў прыблізна 2,5 метра. Даўжыня ягонай ступні была роўная 51 см, даўжыня далоні – 32 см. Пры гэтым ён важыў 182 кг і быў надзвычай моцны.

У 8 гадоў Махноў мог падняць дарослага. Гнуў падковы, аднойчы падняў дах хаты. Затым свій сілавы талент развіў у цырку, дзе круціў спіраль з жалезных дубцоў, а затым выпростваў іх. Ударам кулака разбіваў цэглу, лежачы, падымаў драўляную платформу, на якой іграў аркестр. З 16 гадоў вялізны хлопец пайшоў працаваць у цырк, падарожнічаў разам з ім па ўсім свеце.

Раніцай ён выпіваў каля двух бутэлек малака або гарбаты, з’ядаючы пры гэтым паўтары дзясяткі яек, звараных укрутую, і 6-8 кавалкаў хлеба. Апоўдні яму падавалі кілаграм смажанага мяса, больш за кілаграм бульбы, кіло хлеба і бутэльку піва. У абед абыходзіўся некалькімі талеркамі мяснога супу і двума бутэлькамі піва. На вячэру Федзя з’ядаў ад 10 да 15 яек і некалькі лустаў хлеба.

Калі цыркавое жыццё надакучыла Махнову, ён вярнуўся на радзіму. Доўга шукаў жонку. Нарэшце, яму сасваталі мясцовую настаўніцу ЕўфрасіннюЛебедзеву. Жанчына яна была немаленькая (185 см), але даставала каханаму толькі до локця. Вёску Гарбачоў, дзе Фёдар пасяліўся з жонкай, месцічы называлі «Веліканавым хутарам». У іх нарадзілася пяцёра дзяцей, але ніхто з іх не быў вышэйшы за 2 м.

Памёр Махноў у 1912 годзе, ва ўзросце 34 гадоў. Існуе некалькі версій яго смерці. Самая распаўсюджаная – што ён памёр ад захворвання лёгкіх, якое падхапіў яшчэ ў маладосці. Хтосьці казаў, што волата маглі атруціць у навуковых мэтах – каб атрымаць ягоны шкілет. Была думка, што Махнова звялі на той свет ягоныя супернікі па вольнай барацьбе, якой ён займаўся. Праз 27 гадоў пасля пахавання адзін з сыноў Махнова прадаў парэшткі бацькі медыкам – для навуковых даследаванняў. Але труну і помнік пакінулі ў тым жа выглядзе.

На абеліску на могілках ў вёсцы Старое Сяло пад Віцебскам да гэтага часу можна прачытаць: «Фёдар Андрэевіч Махноў. Нарадзіўся 6 чэрвеня 1878 г. Памёр 28 жніўня 1912 г. Самы высокі чалавек у свеце. Ростам быў 3 аршыны 9 вяршкоў».

3 аршыны 9 вяршкоў складаюць 254 сантыметра. Аднак гэты паказчык быў узяты з кантракту 16-гадовага Фёдара, калі ён ішоў працаваць у цырк. Пасля хлопец працягваў расці і дадаў яшчэ 31 см, дасягнуўшы 285 см. Пры гэтым ёсць меркаванне, што арганізатары замежных гастроляў цырка маглі наўмысна перабольшыць яго рост. Ёсць звесткі, што рост віцебскага велікана складаў толькі 239 см. Тым не менш і гэта лічба ўражвае!

Меткі: , , , ,

Чытайце яшчэ