Зміцер Піменаў вызвалены пасля допыта ў польскай пракуратуры

Віцебскага апазіцыянера Змітра Піменава, які быў затрыманы ў Польшчы, адпусцілі пасля допыту ў пракуратуры Пшэмысля. Допыт цягнуўся амаль восем гадзінаў, палітуцякач быў вызвалены толькі каля апоўначы.
У Польшчы арыштаваны палітуцякач з Віцебска Зміцер Піменаў

Як мы паведамлялі, Змітра Піменава, які неалькі гадоў таму з’ехаў з Віцебска і атрымаў палітычны прытулак у Бельгіі, затрымалі ў Польшчы пры спробе перасячы польска-украінскую мяжу.

У пачатку 2009 года Зміцер Піменаў быў абвешчаны беларускімі ўладамі ў міжнародны вышук праз Інтэрпол. Запыт на яго арышт выдадзены з Віцебска, апазіцыянера абвінавачваюць у хуліганстве і вандалізме.

У той жа час, як распавёў PAP прэс-сакратар паліцыі Падкарпацця Павел Мендляр, Піменаў быў затрыманы згодна ордэру, выдадзенага 5 студзеня 2001 года раённай пракуратурай Віцебска. “Можна ў ім прачытаць, што мужчына падазраецца ў тым, што 4 лістапада 2000 года ў Віцебску, знаходзячыся пад уздзеяннем алкаголю, пабіў рукамі і нагамі двух мужчын, у адным выпадку меў нож у руцэ. У Беларусі яму пагражае тэрмін да 7 гадоў турмы”, — дадаў ён.

Па звестках “Народных навінаў Віцебска” гэты інцыдэнт адбыўся, калі Зміцер Піменаў працаваў вартаўніком гаражнага кааператыву “Саланг”. Праваахоўныя органы тады занялі бок праціўнікаў апазіцыянера.

Піменаў вызвалены таму што згодна польскага заканадаўства выцек трэмін даўнасці злачынства, па якім выдадзены ордэр — у лістападзе мінулага года прайшло 10 гадоў. Аднак працэдура экстрадыцыі ня скончаная — рашэнне будзе прымаць суд. У той жа час Зміцер Піменаў вольны ў сваім перамяшчэнні і можа вярнуцца дадому ў Бельгію.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ