У Віцебску забаранілі святкаванне Дня волі з-за туберкулёзу

Адмоўны адказ прыйшоў на заяўку Хрыстафора Жаляпава, які прасіў дазволіць 25 сакавіка ў парку культуры і адпачынку Чыгуначнікаў правесці святочны мітынг з нагоды 93-й гадавіны ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адміністрацыя Чыгуначнага раёна матывуе адмову тым, што за гадзіну да планаванага дэмакратычнымі актывістамі мітынгу тут пачнецца раённая акцыя “Разам супраць туберкулёзу”, дзе будуць інфармаваць гараджан пра небяспеку сухотаў і іншых лёгачных захворванняў.

Таксама адмовы атрымалі Ян Дзяржаўцаў і Уладзіслаў Варанецкі, якія прасілі дазвол на масавыя мерапрыемствы ў Кастрычніцкім і Першамайскіх раёнах адпаведна. Праўда, адміністрацыі гэтых раёнаў аказаліся менш падрыхтаванымі, чым адміністрацыя Чыгуначнана раёна, і не паспелі на Дзень волі арганізаваць сваіх альтэрнатыўных мерапрыемстваў. Спадарам Дзяржаўцаву і Варанецкаму адмовілі проста таму, што яны не заключылі дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і камунальшчыкамі на абслугоўванне мерапрыемства.

Заўважым, што ў Віцебску такія дамовы трэба заключыць і прыкласці да заяўкі яшчэ да атрымання дазволу. Аднак без дазволу гэтыя арганізацыі адмаўляюцца заключаць дамовы на абслугоўванне масавых мерапрыемстваў, утвараючы такім чынам замкнёнае кола.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ