Міжнародны дзень лялечніка ў Віцебску

20 сакавіка Беларускі тэатр “Лялька” разам са сваімі гледачамі адзначыў Міжнародны дзень артыста-лялечніка.
Міжнародны дзень лялечніка ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Уласнае прафесійнае свята лялечнікі афіцыйна займелі ў 2003 годзе. А ў Віцебску яно адзначалася ўпершыню.

Міжнародны дзень лялечніка ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Каля дзвярэй гледачоў вітаў артыст надзвычай высокага росту, ролю якога выконваў Алесь Маханькоў. А пры ўваходзе яны траплялі на вясёлы кірмаш, дзе кожны мог знайсці сабе занятак па густу. Дзяўчаткі запляталі косы з каляровых стужак і выпякалі ў печы “пірагі”. Хлопчыкі імпэтна забівалі цвікі, з-за чаго свята атрымалася па-сапраўднаму гучным.

Міжнародны дзень лялечніка ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Ну і, вядома, было шмат жадаючых сфатаграфавацца з цыганам, мядзведзем, зайцам (памерам з мядзведзя), а таксама з мастаком і вясёлымі гандляркамі.

Міжнародны дзень лялечніка ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Потым свята павольна перацякло ў фае, дзе свае таленты прадэманстравалі вясёлыя скамарохі, спрытныя батлеечнікі і непераўзыдзеныя выканаўцы прыпевак — Дзед і Баба. А юныя гледачы змаглі выпрабаваць свае сілы ў перацягванні каната.

Міжнародны дзень лялечніка ў Віцебску. Фота Сержука Серабро

Вясёлая пастаноўка Віктара Клімчука “Жыў-быў Заяц” як найлепш стварыла святочны настрой у глядзельнай зале. Артысты Яўген Гусеў, Вольга Лазебная і Аляксей Макарскі заваявалі сэрцы дзяцей і дарослых літаральна з першых крокаў на сцэне.

Выходзячы ж з тэатра, гледачы атрымалі яшчэ адзін падарунак ад вясёлага Зайца — смачныя і карысныя сухія сняданкі ад спонсараў свята. Дарэчы, кампанія “Анега: Даліна злакаў” ужо не першы раз дапамагае Беларускаму тэатру “Лялька” ў правядзенні разнастайных цікавых імпрэз.
А 27 сакавіка “Лялька” запросіць юных дам і кавалераў на казачны баль у гонар Дня тэатра. Вітаюцца вячэрнія ўборы і бездакорныя манеры. Чакаюцца новыя сюрпрызы і падарункі.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ