Таццяну Севярынец не выпусцілі ў Варшаву

Таццяна Севярынец, маці зняволенага ў СІЗА КДБ палітыка Паўла Севярынца, звярнулася да незалежных СМІ з просьбай распаўсюдзіць яе выступ, які спадарыня Севярынец мела агучыць сення ў польскім Сэйме.

Спадарыня Севярынец павінна была выехаць ў Варшаву 12 студзеня, але яе адвезлі на допыт ў КДБ, з-за чаго актывістка спазнілася на цягнік. Да таго ж, супрацоўнікі КДБ не вярнулі жанчыне пашпарт, і яна страціла магчымасць выехаць за мяжу.

Спадарыня Севярынец распаўсюдзіла сярод незалежных СМІ тэкст свайго выступу:

“Паважанае спадарства! Ужо 16 гадоў, як Беларусь ператворана ў паліцэйскую дзяржаву з дыктатарскім рэжымам.

Ні адзін з нас ні ў чым ня можа быць упэўнены. Да кожнага з нас у кожную хвіліну могуць прыйсьці зь ператрусам ці позвай на допыт, схапіць на вуліцы і закінуць у “аўтазак”, ня гледзячы ні на стан здароўя, ні на асабістыя пляны, ні на дзяцей, ні на ўзрост.

Менавіта такім чынам мой сын, Севярынец Павал Канстанцінавіч, у ноч на 20.12.2010 апынуўся за каратамі СІЗА КДБ – самай страшнай турмы ў Беларусі. Ён быў затрыманы пасьля мірнай акцыі на плошчы Незалежнасьці, на якой беларускі народ імкнуўся выказаць сваё стаўленьне да адбыўшыхся прэзыдэнцкіх выбараў.

Сьведчу перад міжнароднай супольнасьцю, што ўсе зьвесткі, якія распаўсюджваюцца з афіцыйных сродках інфармацыі пра добрыя ўмовы ўтрыманьня зьняволеных грамадзянаў, у тым ліку і майго сына, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Лісты ні да іх, ні ад іх не даходзяць, адвакаты ня маюць магчымасьці зь імі сустракацца, беспадстаўна абмяжоўваецца пералік прадуктаў харчаваньня, дазволеных для перадачаў, не дазваляюцца сустрэчы з роднымі.

Падобным чынам і я была затрымана за гадзіну да адыходу цягніка ў Варшаву, дзе меркавала ўзяць удзел у пасяджэньні польскага Сэйму з выступам аб сапраўдным становішчы з правамі чалавека ў Беларусі. 12.01.2011 па віне невядомых, якія назваліся супрацоўнікамі КДБ, і сьледчага Санько Івана Іванавіча, які перавысіў свае паўнамоцтвы, я спазьнілася на цягнік “Менск-Варшава”, страціла грошы за квіткі, атрымала маральную шкоду. Апрача гэтага, невядомы супрацоўнік КДБ, які суправаджаў мяне па калідорах гэтага ведамства, скраў мой пашпарт. Было зроблена ўсё, каб не дапусьціць свабоднага выступу свабоднай грамадзянкі ў свабоднай краіне!

Заклікаю міжнародную супольнасьць зрабіць усе магчымыя захады для таго, каб сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі зьмянілася, і адпавядала міжнародным стандартам дэмакратычнага грамадзтва!”

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ