Кніга Уладзіміра Някляева прэтэндуе на “Глінянага Вялеса”

Адным з прэтэндэнтаў на штогадовую недзяржаўную літаратурную прэмію “Гліняны Вялес” за 2010 год з’яўляецца зборнік “Кон: вершы двух стагоддзяў” вядомага беларускага паэта, экс-кандыдата ў прэзідэнты, а зараз палітвязня Уладзіміра Някляева. Кніга выйшла летась у выдавецтве “Лімарыус”.

Як абвесціў у сваім блогу старшыня арганізацыйнага камітэта прэміі “Гліняны Вялес”, полацкі літаратар Алесь Аркуш, на гэту ўзнагароду таксама прэтэндуюць яшчэ чатыры аўтары: Міхась Андрасюк (“Вуліца Добрай Надзеі”), Леанід Галубовіч (“Сыс і кулуары: літаратурна-крытычныя эсэ”), Юры Станкевіч (“П'яўка”) і Андрэй Хадановіч (“Несіметрычныя сны”).

Летась глінянага стода апекуна мастацтва атрымаў пісьменнік Віктар Казько за раман “Бунт незапатрабаванага праху”. Цырымонія ўручэння прэміі адбылася 16 траўня мінулага года ў Музеі беларускага кнігадрукавання ў Полацку, і на ёй прысутнічалі карэспандэнты “Народных навін Віцебска”.

Даведка: Літаратурная прэмія “Гліняны Вялес” за лепшую беларускую мастацкую кнігу года была заснавана ў 1993 годзе “Таварыствам Вольных Літаратараў”. У розныя гады яе лаўрэатамі станавіліся Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Славамір Адамовіч, Альгерд Бахарэвіч, Пятро Васючэнка, Сяргей Дубавец, Барыс Пятровіч, Валянцін Акудовіч і іншыя беларускія літаратары.

Дарэчы, на “Глінянага Вялеса” Някляева вылучалі і раней – напрыклад, яго кніга «Цэнтр Еўропы» была ў спісе фіналістаў па выніках літаратурнага 2009 года.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ