Малітоўнае спатканне ў Наваполацку

14 снежня духавенства Віцебскай дыяцэзіі сабралася на малітоўнае спатканне ў Наваполацку. Гасцінная парафія Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса расчыніла дзверы свайго касцёла для гасцей. Сёстры і святары маліліся ў цішыні перад Езусам Эўхарыстычным. Верныя ідэалу хрысціянскага навяртання, многія прыступілі да сакрамэнту споведзі.

Св. Імшу ўзначаліў біскуп Уладзіслаў Блін. Канцэлебравалі а. Раман Шульц, дамініканін, і пробашч Полацкай парафіі кс. Прэлат Францішак Кісель. Прамаўляючы Божае слова, а. Раман звярнуў увагу прысутных на адарацыю Хрыста ў Эўхарыстыі.

Пасля малітвы адбылося арганізацыйнае спатканне. Кс. Вячаслаў Барок распавёў пра магчымасць арганізацыі агульнадыяцэзіяльнай пілігрымкі ў Святую Зямлю. Былі таксама прадстаўлены новыя катэхетычныя дапаможнікі і публікацыі.

Пробашч Наваполацкай парафіі кс. канонік Аляксандр Чайкоўскі запрасіў гасцей на абед у рэстаран "Нафтан". Там адбылося аплатковае спатканне.

Снежаньскія завеі не перашкодзілі віцебскім святарам і сёстрам сабрацца разам дзеля большай хвалы Божай. Няхай жа адвэнтовыя маразы і сцюжы не замарозяць нашых сэрцаў напярэдадні Божага Нараджэння. Падрыхтуйма дарогу Госпаду!

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ