Не прайшлі Гомель

Наша дружына сёння ў сябе дома пацярпела паразу ад гомельскіх “рысей” (2:4). Эфектна глядзелася наша каманда ў першым перыядзе, хоць і саступіла ў ім 1:2.

З першых хвілін “мядзведзі” завалодалі ініцыатывай. На 25-й секундзе атрымалі права разгуляць лішняга, што і прынесла першы станоўчы вынік для віцяблян. Максім Цішкін ад сіняй лініі робіць перадачу на пятачок Сяргея Голубева, якому ніхто не перашкаджае адправіць шайбу ў вароты. У цэнтры трыбун чуецца “Малайцы!” ”Віцебск” рушыць наперад. Андрэй Пракопчык з-за брамы аддае перадачу на Залеўскага, які побач з варотамі, абаронцы перашкаджаюць кінуць шайбу. У чарговай атацы Павел Волчак нечакана кідае, але брамнік “Гомеля” Аляксей Сямёнаў паспявае зрэагаваць.

Госці не астаюцца ў пазыцы. Нападаючы “рысей” Арсеній Бондараў небяспечна кінуў у браму гаспадароў – шайба праскочыла паміж ног Андрэя Петухова і ляцела ў вароты. Ён сваечасова азірнуўся і паспеў адбіць яе. Пры аднолькавай гульні госці ўсё ж такі пераўзыйшлі віцяблян у рэзультатыўнасці ў сярэдзіне перыяда і ў канцоўцы.

У другой трэці госці ўжо не дазвалялі “мядзведзям” часта напружваць свайго варатара. Тым не менш моманты былі, а рэалізавалі толькі адзін. Кідок ад сіняй лініі Івана Начаўнога адбівае варатар, але Ягор Цурыкаў перапраўляе шайбу ў браму (2:2). Спрэчнае ўдаленне аўтара другой шайбы “Віцебска” дазволіла гасцям зноў выйсці ў лідары сустрэчы. Хвіліны за чатыры да другога перапынка два абаронцы “Гомеля” не перашкаджаюць Паўлу Волчаку нанесці небяспечны кідок, але брамнік адбівае шайбу рукой. Выдатнейшы шанец упусцілі “мядзведзі” за дзве з паловай хвіліны да сірэны. Госці былі вымушаны абараняцца дзве хвіліны ўтрох. Чырвонае святло, якое так чакалі аматары, так і не запалілася за варотамі суперніка.

У апошнія 20 хвілін гаспадары прыбавілі ў хуткасці. Але стварыць нешта сур’ёзнае так і не атрымалася. Праўда, пасля кідка Андрэя Арлюка шайба патрапіла ў штангу. Сам Андрэй, палічыўшы, што шайба ўжо ў варотах, падняў клюшку. Секунд праз 30-40 два віцебскіх абаронцы замешкаліся каля сваёй зоны, не ведаючы, каму прымаць шайбу. Гэтай замінкай скарыстаўся нападаючы гамяльчан Алег Антоненка, пасля кідка якога шайба патрапіла ў штангу, а потым і ў браму.

Меткі:

Чытайце яшчэ