Пашкоджаным дубам зоймецца пракуратура

Грамадскае аб’яднанне “Экадом”, у асобе выканаўчага дырэктара І. Капарыха, накіравала ў Віцебскую абласную пракуратуру скаргу, у якой просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання па факце парушэння беларускага заканадаўства ў галіне аховы прыроды ў выніку прычынення шкоды старажытнаму дубу ў Бешанковічах.
За закінутай кацельнай бачная школа. Вышыня дуба была 30 м, ці пагражаў ён школе? Фота Сержука Серабро

Як раней паведамлялі “Народныя навіны Віцебска”, 28 кастрычніка ў Бешанковічах быў абпілаваны 400-гадовы дуб, з якім звязаная мясцовая легенда пра Напалеона. Цалкам магчыма, што каб не хваля публікацый у прэсе і грамадскае абурэнне, то дрэва канчаткова спляжылі б. Аднак і тое, што засталося ад былога волата, дрэвам ужо назваць цяжка.

У парку, які ёсць помнікам прыроды, шмат пнёў ад векавых дрэў. Фота Сержука Серабро

Юрысты грамадскага аб’яднання “Экадом” лічаць, што ў дзеяннях бешанковіцкіх чыноўнікаў можна ўгледзіць склад крымінальнага злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 344 Крымінальнага кодэкса, дзе ўказана: “1. Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных аб'ектаў, якія валодаюць адметнымі духоўнымі, мастацкімі і (або) дакументальнымі вартасцямі, і адпаведных аднаму з крытэрыяў адбору матэрыяльных аб'ектаў для прысваення ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці […].
2. Тыя ж дзеяннi, учыненыя паўторна, або групай асоб, […], — караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дванаццаці гадоў”.

Некаторыя пні вось так аздобленыя. Фота Сержука Серабро

Таксама Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях у артыкуле 15.09 прадугледжвае пакаранне за парушэнне рэжыму аховы і выкарыстання асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый для юрыдычнай асобы, якой з’яўляецца адміністрацыя Бешанковіцкага раёна, у памеры да 500 базавых велічынь.

Ці не тая гэта аранжарэя, на якую падаў дуб? Але яна таксама далёка. Фота Сержука Серабро

Некаторыя чыноўнікі спрабуюць апраўдацца, сцвярджаючы, што старажытны дуб не меў ніякай каштоўнасці, быў шэраговым дрэвам і не знаходзіўся пад аховай дзяржавы. Але ў Нацыянальным кадастравым агенцтве пад кодам 2205904001, як помнік прыроды мясцовага значэння зарэгістраваны ўвесь парк сядзібы Храптовічаў у гарадскім пасёлку Бешанковічы. А закон “Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях” у артыкуле 40 сцвярджае: “Рэканструкцыя, перамяшчэнне, а таксама іншае змяненне прыродных комплексаў і аб'ектаў, размешчаных у межах помніка прыроды, а таксама размяшчэнне вытворчых і іншых аб'ектаў на прылеглых да помніка прыроды тэрыторыях, іх рэканструкцыя і перапрафіляванне ажыццяўляюцца толькі па праекце, узгодненым з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь або яго тэрытарыяльнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі органамі ў адпаведнасці з нарматыўнымі прававымі актамі Рэспублікі Беларусь”.

Акрамя ўсяго вышэй пералічанага, дуб у Бешанковічах унесены ў турыстычныя маршруты. Напрыклад , у аўтамабільны маршрут “Па слядах Напалеона”, распрацаваны сумесным беларуска-латвійскім праектам “Бэлла Дзвіна”, які атрымаў ад Еўрапейскага Саюза амаль 487 тысяч еўра. Сярод партнёраў і атрымальнікаў фінансавай дапамогі значыцца і Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт. Можна сабе ўявіць уражанне прадстаўнікоў ЕС, калі яны даведаюцца аб тым, на што пайшлі іхнія грошы.

Дуб Бартэк у Польшчы. Бачныя падпоркі пад галіны. Courtesy photo

Напрыканцы, у якасці прыкладу, як ахоўваюць старыя дрэвы нашыя суседзі, прыводзім фота польскага дуба Бартэка, пад якім, згодна падання, некалі свой суд чыніў кароль Казімір Вялікі.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ