У фестываля “Званы Сафіі” – юбілей

У канцэртнай зале Сафійскага сабора ў Полацку з 28 кастрычніка па 28 лістапада пройдзе XV Міжнародны фестываль арганнай музыкі «Званы Сафii». Сёлета ён праводзіцца ў рамках рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца 2010 года – Полацк» і прысвячаецца 25-годдзю знакамітага аргана Сафійскага сабора. Юбілейны фестываль збярэ зорныя імёны і прадставіць арганныя выканальніцкія школы з пяці краін – Беларусі, Расіі, Польшчы, Аўстрыі і Румыніі.
Сафійскі сабор у Полацку. Фота Alex Zelenko/wikipedia.org

Адкрые фестываль дырэктар Польскай Балтыйскай філармоніі, галоўны арганіст Гданьскага кафедральнага сабора Раман Пяруцкий. 4 лістапада ў Сафійскім саборы ў ансамблі з сімфанічным аркестрам Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі і дырыжорам Чэславам Грабоўскім (Польшча) выступіць беларуская арганістка і кампазітар Вольга Падгайская. 11 і 14 лістапада прыхільнікі арганнай музыкі пачуюць сваю зямлячку – арганістку Ксенію Пагарэлую. На першым канцэрце яна выступіць у ансамблі з мінскай музычнай капэлай «Санорус» (дырыжор Аляксей Шут), а на другім – камерным аркестрам «Еўропа-цэнтр» пад кіраўніцтвам дырыжора Раіля Садыкава.

21 лістапада на полацкім фестывалі ўпершыню выступіць выканаўца з Аўстрыі Наташа Райх. 27 лістапада ў Сафійскім саборы пройдзе канцэрт маладой расійскай выканаўцы Марыі Макаранкі. Апошнім акордам фестываля стане канцэрт музыканта Феліцыяна Роска (Румынія), у выкананні якога прагучыць старадаўняя арганная музыка XVII-XIX стагоддзяў.

Чытайце яшчэ