”Віцебск”– “Гомель”: сапраўдны лядовы трылер

Упэўнены, мала хто з 390 віцебскіх аматараў хакея пашкадаваў, што прыйшоў сёння паназіраць за гульнёй сваёй каманды на матч ”Віцебск”– “Гомель”. Падчас сустрэчы прыходзілася перажываць і задавальненне, і хваляванне. Але трыбуны мы пакідалі са станоўчымі эмоцыямі. Лік гэтага паядынка – 7:6 на карысць віцяблян.

Першыя хвіліны матча праходзілі дастаткова прагназуема. Гомельскія “рысі” дэманстравалі дастаткова зладжаную, упэўненую гульню, якая не дазваляла “мядзведзям” ствараць пагрозы ля сваёй брамы. На 8-й хвіліне госці, гуляючы ў большасці, распячаталі віцебскія вароты і рашуча працягвалі атакаваць.

За тры хвіліны да перапынку гаспадары гуляюць упяцярох супраць трох. Украінскі дуэт В.Паланіцкі – А.Благой, скарыстаўшыся такой магчымасцю, зраўніваюць лік. Праз 17 секунд В.Паланіцкі ўжо асісціруе Сяргею Вароніну, які выводзіць бела-сініх наперад.

У першай палове другога перыяду каманды памяняліся ролямі. ”Віцебск” гуляе ў ролі атакуючай каманды і дыктуе гульню. На 6 і 7-й хвілінах “мядзведзі” закідваюць, як пад капірку, дзве шайбы (4:1). Здавалася, падапечныя Сяргея Петухова даціснуць і разаб’юць гамяльчан. Усё пайшло наадварот. ”Віцебск” збавіў свае абароты, за што быў двойчы пакараны (4:3).

Неверагоднае пачалося ў апошнім перыядзе. Артабстрэл віцебскай брамы тройчы завяршыўся вікторыяй для “Гомеля”. Апошнія два дакладных кідка госці здзейснілі ад сіняй лініі суперніка. “Рысі” на пачатку 49-й хвіліны ўпэўнена павялі ў ліку (4:6).

Шчыра кажучы, пры такім раскладзе хацелася пакінуць Лядовы палац. Гульня віцяблян не натхняла, і не было аніякага намёку на тое, што яны могуць скараціць лік. За сем хвілін да фінальнай сірэны Алег Благой знаходзіць брэш у абароне “Гомеля” і выводзіць Аляксея Ярашова на рандэву з брамнікам “рысяў” Зміцерам Карпікавым (5:6).

Зноў абараняемся, атакі нашай каманды не ствараюць пагрозы для суперніка. Пайшла апошняя хвіліна матча. Капітан нашай дружыны Васіль Паланіцкі ад сіняй лініі суперніка ломіць рэдуты абароны гасцей і аддае перадачу Ягору Цурыкаву, які і завяршае атаку. Эйфарыя на трыбунах! Нічыя (6:6) за 49 секунд да сірэны, ёсць шанец перамагчы. Капітан “Гомеля”апеліруе да галоўнага рэферы, даказваючы, што шайба адпраўлена з парушэннем правілаў.

Відэапрагляд пацвярджае “чыстае” ўзяцце брамы, і барацьба працягваецца. Трохі больш хвіліны спатрэбілася “мядзведзям” у овертайме, каб вырваць перамогу ў “рысяў”. У адзін ноль з брамнікам Максім Цішкін вывеў Аляксандра Абакунчыка, які і прынёс камандзе два ачкі. Прыемны вынік. Але нестабільная гульня “Віцебска” вымушае заўзятараў хвалявацца за свой клуб.

Меткі:

Чытайце яшчэ