Навапалачане ператварыліся ў зомбі

8 верасня ў полацкім кінатэатры “Раздіма” адбылася прэм’ера самадзейнага фільма “Канцэнтрат”.

Яго знялі на самадзейнай наваполацкай студыі мясцовыя хлопцы і дзяўчаты. З красавіка па жнівень яны пры любой магчымасці бегалі па лесе – адны перапэцканыя бутафорскай “крывёю”, другія – апранутыя ў вайсковую форму і ўзброеныя пэйнтбольнымі ружжамі. Сюжэт фільму нічога асабліва новага не ўяўляе. На нейкім прадпрыемстве ў выніку аварыі адбываецца выбрас небяспечнага рэчыва, якое вяртае да жыцця нябожчыкаў. На бяду, побач з заводам знаходзяцца могілкі. У зомбі ператвараюцца загінуўшыя падчас аварыі работнікі прадпрыемства, паўстаюць і “насельнікі” могілак. Некалькі чалавек, якім пашчасціла застацца ў жывых, спрабуюць дабрацца да горада. Вядома ж, з крывавымі прыгодамі.

Аўтар сцэнарыю і рэжысёр фільма Аляксандар Дмітрачэнка лічыць, што менавіта такіх фільмаў бракуе ў Беларусі.

-Наша канцэпцыя ў тым, каб паказаць Беларусі, народу, што кіно можа быць розным. Каб чалавек пабачыў казку. Вось ён вучыўся ўвесь дзень ці працаваў, а тут прыйшоў у зал адпачыць, адключыцца ад паўсядзённага жыцця.

Ўвесь фільм абыйшоўся яго стваральнікам у сумму, блізкую да 300 долараў. Дарэчы, студыю ніхто не фінансіруе, яна існуе выключна на энтузіязме. Каб апрануць зомбі у адзенне, якое не шкада будзе парваць ці запэцкаць, збіралі рыззя па знаёмых, бутафорскую кроў рабілі з кетчупа з варэннем, дамы “палілі” з дапамогай камп’ютарнай графікі. На здымках крывавага кіно ніхто не пацярпеў, хіба што колькі мясцовых жыхароў, выпадкова натрапіўшы ў лесе на зомбі, перапужаліся не на жарт. Нехта нават выклікаў міліцыю, але праваахоўнікі не знайшлі нічога крымінальнага ў тым, што кампанія моладзі мажа адзін аднаго чырвонай вадкасцю ды з віскам носіцца па лесе.

“Канцэнтрат” – сёмы фільм самадзейных кінематаграфістаў. Па словах Аляксандра Дмітрачэнкі, з гэтым фільмам студыя мае намер паўдзельнічаць ў міжнародных конкурсах самадзейнага кіно. Наступны шэдэўр наваполацкія кінааматары плануюць зняць ў жанры фантастыкі.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ