У Лепелі паставяць помнік Льву Сапегу

У горадзе Лепель неўзабаве зьявіцца помнік Льву Сапегу, знанаму палітыку, дыплямату і апекуну мастацтваў, аднаму з самых уплывовых дзяржаўных дзеячаў у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Імя Льва Сапегі самым непасрэдным чынам зьвязана з гісторыяй Лепеля, які ўпершыню згадваецца ў 1439, як вёска і маёнтак на востраве Лепельскага возера.

У 1563 паселішча атрымала статус гораду (цяпер вёска Стары Лепель). А ў 1586 Леў Сапега заснаваў за тры кілямэтры ад яго ў вёсцы Белая мястэчка Белы Лепель або Новы Лепель, куды былі перанесены гандлёвы цэнтар, а таксама пабудаваныя замак, царква і касьцёл. Такім чынам пачалася гісторыя сучаснага Лепеля, дзе жывуць каля 18-ці тысяч чалавек.

Штогод 11 верасьня ў Лепелі адзначаюць Дзень горада, і сёлета да гэтай даты прымеркавана адкрыцьцё помніка Льву Сапегу, які будзе ўсталяваны каля ўвахода ў гарадзкі парк.

Дарэчы, будучы помнік — гэта не адзіная адзнака памяці пра Льва Сапегу на Віцебшчыне. У 2005-м годзе паводле ініцыятывы грамадзкага аб’яднаньня «Фонд імя Льва Сапегі» быў усталяваны памятны знак ў вёсцы Астроўна Бешанковіцкага раёну. На вялікім кавалку шэра-карычневага граніту разьмешчана шыльда з надпісам: «Тут, у мястэчку Астроўна 4.IV.1557 нарадзіўся Леў Сапега — выбітны грамадзкі і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага».
“Радыё Свабода”

Меткі: ,

Чытайце яшчэ