Газета “Звязда” пра помнік Неўскаму ў Віцебску

Газета "Звязда" ўжо ў другі раз звяртаецца да тэмы ўсталявання ў Віцебску помнікаў князю Аляксандру Неўскаму і княгіне Вользе. Прапаноўваем увазе чытачоў сайта "Народныя навіны Віцебска" погляд гэтага дзяржаўнага выдання на магчымасць з'яўлення ў нашым горадзе спрэчных манументаў.

Яшчэ раз пра лёс помнікаў у Віцебску

Навукоўцы канстатуюць, што манумент Аляксандру Неўскаму, які плануюць усталяваць у горадзе над Дзвіной, прывядзе да некарэктнага тлумачэння беларускай гісторыі. Месца пад гэты помнік ужо падрыхтавана. А падумаць ёсць над чым. Пасля крытычнай публікацыі ў "Звяздзе" чыноўнікі разгледзелі праблему ўсталявання віцебскіх помнікаў пад іншым ракурсам.

Пра спрэчныя манументы, якія могуць з'явіцца ў Віцебску, пісалася ў нумары "Звязды" за 30 сакавіка гэтага года ("Каму ў Віцебску збіраюцца паставіць помнікі?"). Праект у імя Вялікага князя Альгерда, заснавальніка Віцебскага замка, не прывёў да спрэчак. А вось манументы Аляксандру Неўскаму і княгіні Вользе ў многіх разважлівых людзей выклікалі неўразуменні.

І калі Вольгу згодна з адным міфам лічаць заснавальніцай Віцебска (дакладных гістарычных звестак пра гэта няма), то з Аляксандрам Неўскім сітуацыя іншая: яго збіраюцца ўвекавечыць за тое, што "ЁН ТУТ БЫВАЎ" у 1245 годзе.

Аляксандр Неўскі — персанаж знакавы, не так даўно быў прызнаны "Іменем Расіі". Але прычым тут манумент у Віцебску, пастаўлены, дарэчы, за бюджэтныя грошы (больш за 2 мільярды беларускіх рублёў)?

У мінулым артыкуле "Звязды" галоўны спецыяліст аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама Пётр ПАДГУРСКІ патлумачыў, што "ў палітычныя пытанні мы не паглыбляемся", а "Аляксандр Неўскі ў 1245 годзе бываў у Віцебску і забіраў адсюль свайго сына".

У артыкуле выступіў і навукоўца з Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук. Аўтарытэтны даследчык выказаў сваю думку: Аляксандр Неўскі для гісторыі нашай краіны важнага значэння не мае, а ставіць помнік за тое, што ён тут бываў, смешна. Дарэчы, факт заснавання Віцебска княгіняй Вольгай, па словах навукоўцаў, таксама не даказаны.

Артыкул выклікаў востры рэзананс. Спачатку з боку звычайных чытачоў.

"Добра, калі б помнік Неўскаму ў выглядзе невялікага бюста паставілі каля царквы ў яго гонар, — пракаментаваў артыкул наведвальнік інтэрнэт-сайта "Звязды" Husаr. — Але ж ён будзе першым вялікім абеліскам, які ўбачаць госці горада, якія будуць заязджаць з Кіраўскага моста..."

"Калі быў у Віцебску, заўважыў, што ў аўтамабілях з беларускімі нумарамі часта можна пабачыць маленькія замежныя сцяжкі, — тут жа далучыўся да дыскусіі чытач "Звязды" Дзмітрый. — Здаецца, Беларусь няўхільна ўзяла курс будаваць незалежную дзяржаву? Ці не?"

Свае погляды на праблему аўтару матэрыяла горача выказвалі па тэлефоне, у рэдакцыю прыходзілі лісты.

Аказалася, што і высокія чыноўнікі засумняваліся ў правільнасці свайго рашэння. Прадстаўнікі Віцебскага гарвыканкама звярнуліся ў Мінск — ці можна ставіць усе тры помнікі? Запыты трапілі ў Міністэрства культуры, пазней — у Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

Наша рэкамендацыя была такая: паставіць помнікі Альгерду і Вользе як легендарнай заснавальніцы Віцебска. Менавіта легендарнай, і гэта пазначыць на помніку. Аляксандру Неўскаму мы парэкамендавалі помнік не ставіць — паведамляе Аляксандр ГРУША, загадчык аддзела гісторыі Беларусі сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

- Віцебскія чыноўнікі даказваюць, што горад заснавала не інакш як Вольга, спасылаюцца на гістарычныя дакументы...

— Ёсць крыніца, гэта "Віцебскі летапіс Сцяпана Аверкі" 1768 года. Аўтар, летапісец-храніст, у адрозненне ад сучасных даследчыкаў выстаўляе свае асабістыя меркаванні як ісціну. Ён звярнуў увагу, што каля Віцебска ёсць населеныя пункты, назвы якіх маюць корань —ольг— , таму дапусціў, што Вольга магла заснаваць Віцебск. Вядома, гэтыя звесткі маюць легендарны характар.

Нягледзячы на папярэджанні аўтарытэтных даследчыкаў гісторыі, месцы пад усе тры помнікі ў Віцебску ўжо гатовыя.

— Усе падрыхтоўчыя працы праведзены, усе неабходныя дакументы мы падрыхтавалі, — паведамляе намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Уладзімір ЦЯРЭНЦЬЕЎ. — У найбліжэйшы час чакаем рэзалюцыю. Калі адказ будзе станоўчым, адразу ж прыступаем да працы.

Такім чынам, лёс віцебскіх помнікаў будзе вядомы ў бліжэйшы час.

Можа быць, і дарма некаторыя журналісты ўз'еліся на княгіню Вольгу і Аляксандра Неўскага, няхай будзе светлая іх памяць. Асабіста я нічога не маю супраць гэтых гістарычных дзеячаў.

Праблема — куды больш глыбокая. Сёння, у няпросты час станаўлення незалежнай беларускай дзяржавы, калі неабходна ставіць помнікі СВАІМ героям, вучыць людзей СВАЁЙ мове, мы раптам усталёўваем манумент Неўскаму — ўсё ж у асноўным герою суседняй краіны. Аб'ехаў камандзіроўкамі ўсю краіну, і толькі на Віцебшчыне сустрэў рускамоўныя шыльдачкі з назвамі населеных пунтаў: не САР'Я, а САРЬЯ, не АСВЕЯ, а ОСВЕЯ, не ЛІПАЎКІ, а ЛИПОВКИ і гэтак далей. Такое ўражанне, што вандруеш не па Віцебскай вобласці незалежнай краіны Беларусь, а па нейкай расійскай губерні.

Вядома, згодна з Канстытуцыяй мы маем дзве дзяржаўныя мовы. Але так прынята, што пры стварэнні шыльдачак з назвамі населеных пунктаў і дарожных знакаў ужываюць нацыянальную мову. І адхіленне ад гэтага правіла трывожыць. На Міншчыне, Магілёўшчыне, напрыклад, такога і блізка не пабачыш.

Такая ж логіка і з помнікамі. Няўжо мы не маем СВАІХ герояў, чыю памяць неабходна ўвекавечыць?

Дзякуй Богу, што простая інтэлігенцыя на Віцебшчыне выхоўвае моладзь у рэчышчы здаровай ідэалогіі. У той жа вёсцы Сар'я, назву якой напісалі па-руску, я завітаў у мясцовы краязнаўчы гурток (дзейнічае пры сярэдняй школе). Наўпрост спытаўся ў мясцовых вучняў, кім яны ганарацца? І пачуў не пра Аляксандра Неўскага і Іллю Мурамца, а пра мясцовых святых мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру. Аказалася, што святых гэтых узнёс да славы алтара сам легендарны Папа Рымскі Ян Павел ІІ. Былі яны беларусамі, размаўлялі па-беларуску; як і належыць святарам, вучылі людзей хрысціянскім каштоўнасцям. І калі ў 1943 годзе гітлераўцы палілі вёскі ў ваколіцах Сар'і, смерць добраахвотна прынялі і Антоні Ляшчэвіч з Юрыем Кашырам (хоць святарам фашысты дазволілі застацца жывымі). Чым не прыклад для гонару і выхавання моладзі?

Яўген ВАЛОШЫН.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ