У Браславе будзе ўзняты “Меч Брачыслава”

Вандроўку ў сівую даўніну збіраецца зрабіць на гэтых выходных, 29-30 траўня, адзін з найпрыгажэйшых беларускіх гарадоў – Браслаў. Горад са славутай Замкавай гарой, абразом Маці Божай Браслаўскай “Валадарка Азёраў” і бурштынавамі, амаль прыбалтыйскімі дзюнамі. Сёлета ён святкуе сваё 945-годдзе. З гэтай нагоды тут пройдзе шэраг надзвычай цікавых імпрэз. А журналістам хоць ты разарвіся: ці то ехаць на Дзень горада ў Полацк (таксама ў суботу і нядзелю), ці ўсё ж у Браслаў, па якім будзе хадзіць сам князь Брачыслаў Ізяславіч, легендарны заснавальнік гэтага мястэчка…

Князь будзе адным з персанажаў фестывалю сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”. Ягоныя арганізатары (Браслаўскае музейнае аб’яднанне і гарадскія ўлады) заяўляюць, што гэта будзе першы фэст у Беларусі, дзе спалучаць два рэканструктарскія накірункі – ваярства і старажытныя рамёствы.

Тутэйшай Замкавай гарой у суботу і нядзелю завалодаюць рамеснікі, ваяры і музыкі. І кожны з іх будзе ладзіць сваё непаўторнае відовішча. Госці свята ўбачаць сапраўдны рыцарскі абоз, рыцарскія турніры і бугурты, здабыванне жывога агню, інсцэніроўку легенды аб Браславе.

На фэст прыедуць майстры, якія працуюць у накірунку «жывой археалогіі» – адраджэння старадаўніх рамёстваў. Яны прадэманструюць ткацтва на вертыкальных кроснах, прадзенне на верацяне, гістарычнае пісьменства, апрацоўку косткі, крэмяню, свідраванне каменных сякер, адліўку з металу, кавальства ды іншыя “тэхналогіі” нашых продкаў.

На фестывалі будуць працаваць сапраўдныя археолагі. Яны пакажуць спосабы кансервацыі керамікі і распавядуць пра методыку археалагічнага раскопу. Падчас фэста будзе гучаць сярэднявечная музыка ў выкананні беларускіх гуртоў Terrae vagancika, Testamentum terrae, Сornucopia, «Няміга». А яшчэ будзе старажытная кухня, гульні, забавы, танцы – адным словам, гэта трэба бачыць…

Фестываль “Меч Брачыслава” ўваходзіць у маршрут пад агульнай назвай “Па дарозе на Грунвальд”. Гэту акцыю, звязаную з гісторыяй Беларусі, праводзіць выдавецтва “Рыфтур” сумесна з фондам “Краіна замкаў”.

Варта дадаць, што “Меч Брачыслава” – не адзінае мерапрыемства, якое захопіць увагу браслаўчан і гасцей горада. У межах юбілею Браслава таксама адбудуцца міжнароднае свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, фіналы конкурсаў "Міс Браслаў-2010", "Маладыя галасы" і "Браслаўскі сувенір", фотавыстава "Мой любімы горад", спартовыя спаборніцтвы, тэатралізаванае прадстаўленне "Браслаў – горад-сад" і інш.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ