Глыбачанам перакрылі ваду

Каля двух тыдняў з-за забруджвання была спынена падача вады на вуліцы Чыгуначнай у Глыбокім, паведамілі карэспандэнту “Народных навінаў Віцебска” жыхары горада. “Каля двух тыдняў таму ў нас было некалькі выпадкаў атручванняў, кішэчных інфекцый. Санстанцыя правяла аналізы вады і забараніла ўжываць ваду з вадаправода. Зараз ваду падвозяць два разы на дзень малакавозамі”, - распавяла жыхарка аднаго з дамоў.

Кіраўніца Глыбоцкага раённага спажывецкага таварыства, якому належыць вадаправод – Марына Толкач – пацвердзіла наяўнасць праблемы з якасцю пітной вады і паведаміла, што лічыць немэтазгодным далей выкарыстоўваць ведамасны вадаправод для абслугоўвання жыхароў вул. Чыгуначнай. Паводле сп-ні Толкач, зараз адбываецца ўзгадненне пытанняў аб падключэнні іх да гарадскога водаканалу.

Пакуль чыноўнікі ўзгодняць юрыдычныя фармальнасці, а камунальнікі пракладуць трубы, жыхары вул. Чыгуначнай будуць штораніцы чакаць прыходу цыстэрны з вадой. Колькі часу будзе працягвацца такое становішча – ніхто не ведае.

Меткі: , ,

Чытайце яшчэ