Лёс ХК “Віцебск” не вызначаны

Учорашнія сустрэчы 51-га тура чэмпіяната Беларусі па хакею не вызначылі апошняга ўдзельніка плэй-оф. На сваёй пляцоўцы “Віцебск” абыграў па булітах “Хімвалакно” з лікам 4:3, а “Металург” у овер-тайме перайграў кіеўскі “Сокал”. Такім чынам, “Металург” мае 74 ачкоў і займае восьмае месца, у скарбонцы “Віцебска” – 73 ачкі, і ён месціцца на 9-ым радку. Лёс віцябчан і жлабінчан будзе вядомы ў гэтую сераду, калі каманды правядуць апошнія матчы чэмпіяната.

Ключавыя падзеі баталіі паміж “Віцебскам” і магілеўчанамі пачалі разгортвацца ў другім перыядзе. На чацвёртай хвіліне Сяргей Варонін завяршае свой сольны праход узяццем варот гасцей. Апошні адрэзак матча віцябчане распачыналі, саступаючы з лікам 1:2. Шматлікія атакі гаспадароў у першай палове апошніх 20-ці хвілін не знаходзілі лагічнага завяршэння. А магілеўчане ў адрозненне ад “сіне-белых” на 47-й хвіліне не ўпусцілі магчымасць павялічыць лік.

Упартасць “мядзведзей” праз 4 хвіліны вымусіла гасцей даставаць шайбу з сваіх варот. Націск віцябчан вымушаў каманду “Хімвалакно” больш праводзіць у абароне. Завяршалася апошняя хвліна супрацьстаяння, і падчас чарговай атакі віцябчан госці наўмысна здзвігаюць свае вароты. Галоўны рэферы матча рэагуе на гэта парушэнне прызначэннем штрафнога кідка, які паспяхова здзейсніў Арцём Вострыкаў. У овер-тайме “мядзведзі” апошнія тры хвіліны гулялі ў большасці, але не змаглі запаліць чырвонае святло за варотамі суперніка. Кропку ў серыі пасляматчавых булітаў паставіў Арцём Гнідэнка, забіўшы ў гэтай сустрэчы другую шайбу. Двума галявымі перадачамі адзначыўся і капітан нашых землякоў Васіль Паланіцкі.

Меткі:

Чытайце яшчэ