У Віцебску можна завітаць у госці да шляхціца Завальні

У віцебскім Музеі сучаснага мастацтва напярэдадні адкрылася выстава “Да пана Завальні”, прысвечаная аднаму з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яну Баршчэўскаму. У эскпазіцыі прадстаўлены працы ўдзельнікаў пленэра, які праходзіў у ліпені мінулага года ў родных мясцінах пісьменніка – на Расоншчыне.

У пленэры, арганізаваным культурна-асветніцкі м цэнтрам імя Язэпа Драздовіча, удзельнічалі мастакі з усёй краіны, сярод іх былі як майстры з імем – Ігар Куржалаў, Алег Скавародка, Святлана Баранкоўская, Віктар Крук, Віктар Шылко, так і пачаткоўцы. Маладое пакаленне мастакоў прадстаўлялі студэнты Мінскай гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.Ахрэмчыка, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П.Машэрава.

Выстава атрымалася цёплай і наскрозь прасякнутай духам беларускасці і рамантызму, як, прынамсі, і ўся творчасць Яна Баршчэўскага, сатканая з беларускіх міфаў, легенд, паданняў і фальклорных сюжэтаў. Тут можна ўбачыць партрэт пана Завальні – галоўнага героя самага значнага твору Я.Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (мастак Віктар Крук), і некалькі партрэтаў самога літаратара, выкананыя Чэславам Шамшурам, Інгай Карашкевіч і зноў жа Віктарам Крукам. Як заўжды, прымусіла спыніцца творчасць віцебскай мастачкі Святланы Баранкоўскай, якая на гэтай выставе паказала цудоўнае ручное ткацтва. Захапленне выклікалі фотапрацы полацкага мастака Ігара Куржалава (аўтара знакамітага помніка літары “Ў”) у тэхніцы print.

Адным словам, пан Завальня запрашае на спатканне з высокім мастацвам і светам беларускіх міфаў! Тут вы ўбачыце і “Царэўну возера Нешчарда”, і “Рагнедзін курган” і шмат іншых дзівосаў...

Меткі:

Чытайце яшчэ