ХК “Віцебск” саступіў “Хімвалакну”

Учора на сваёй пляцоўцы ХК ”Віцебск” саступіў з лікам 2:3 магілёўскай камандзе “Хімвалакно”. Ужо пасля першых трох хвілін матча віцебская дружына павінна была адыгрываць дзве шайбы.

На першы перапынак каманды пайшлі з лікам 1:2. У другім перыядзе каманды абмяняліся закінутымі шайбамі. Неблагія магчымасці для ўзяцця варот суперніка меў віцебскі калектыў напрыканцы другога і на пачатку трэцяга перыядаў, калі гулялі ўпяцярох супраць трох, але лічбы на табло засталіся нязменныя – 2:3. Вароты магілеўчан паразілі нападаючы “мядзведзей” Яўген Каштанаў і абаронца Васіль Паланіцкі.

Па словах галоўнага трэнера віцяблян Валерыя Вароніна, яго падапечныя “дапусцілі дзве грубыя памылкі ў пачатку гульні і далі фору такому суперніку – адыграцца было вельмі складана”.

“Супернік, так сказаць, «мужыцкая команда», можа трымаць удар, нам дзесьці не пашанцавала ў канцоўцы, можа быць, не хапіла майстэрства, упэўнена сыграў варатар гасцей Леанід Грышукевіч. Прэтензій да хлопцаў у плане самааддачы няма, змагаліся да канца. Гульня спадабалася гледачам – было шмат барацьбы, сілавога адзінаборства, адзінае, галоў з нашега боку мала”, – адзначыў В.Варонін.

Меткі:

Чытайце яшчэ