Аляксандр Мілінкевіч: такія людзі, як я, сёння не патрэбныя

24 верасня ў Віцебску ў памяшканні “Еўрапейскага дома” адбылася сустрэча з лідэрам руху “За свабоду”, былым кандыдатам у прэзідэнты Аляксандрам Мілінкевічам.
Аляксандр Мілінкевіч у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Сустрэча прайшла з аншлагам — памяшканне было перапоўненая віцяблянамі. Нарэшце сярод сталых наведнікаў “ЕД” можна было пабачыць і свежыя твары.

Жыхары Віцебска задалі Аляксандру Міленкевічу шэраг вострых пытанняў. Яны, у першую чаргу, цікавіліся, ці збіраецца кіраўнік руху “За свабоду” ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах, і ці маецца стратэгія выбарчай кампаніі.

Аляксандр Мілінкевіч у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Да расчаравання многіх, адназначных адказаў на гэтыя пытанні спадар Мілінкевіч не даў. Ён паведаміў, што пакуль не вызначыўся з удзелам у выбарах, а калі і прыме ў іх удзел, то стратэгію яшчэ належыць выпрацаваць. Таксама было адзначана, што рух “За свабоду” на дадзеным момант не мае праграмы, якая была б прывабнай і зразумелай для электарату. Што тычыцца праграмы, з якой Аляксандр Мілінкевіч ішоў на выбары 2006 году, то ён прызнаў яе малакаштоўнасць з-за агульнасці і неакрэсленасці.

Што тычыцца АДС, то Мілінкевіч адзначыў яе нежыццяздольнасць у цяперашняй ролі і складзе. Былы кандыдат ў прэзідэнты адзначыў, што яго выбарчая кампанія сабатавалася значнай часткай сяброў ПКБ з-за ідэалагічных разыходжанняў, нягледзячы на тое, што Калякін быў кіраўніком штаба. Па словах Аляксандра Мілінкевіча АДС мае будучыню толькі ў выглядзе дыскусійнага клуба ці круглага стала.

Галоўнай прычынай рознагалосся з Калякіным была названая яго прарасейская арыентацыя. Сябе ж спадар Мілінкевіч прэзентаваў, як паслядоўнага прыхільніка незалежнасці і еўраінтэграцыі. “Такія людзі, як я, сёння не патрэбныя кіраўніцтву Расеі”—лічыць лідэр руху “За свабоду”.

Аляксандр Мілінкевіч у Віцебску. Фота Сержука Серабро

Наведнікі “Еўрапейскага дома” скардзіліся на адсутнасць агітацыйных матэрыялаў пра рух. Праўда і тут назіралася адсутнасць адзінства: лідэр віцебскіх прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч прапанаваў выпусціць прапагандысцкі фільм на DVD, на што пенсіянеры адзначылі, што ім больш бы імпанавала інфармацыйная ўлётка, а яшчэ нехта ставіў ў прыклад бюлетэнь БХД. Мілінкевіч прызнаўся, што ягоная мара — газета, якую б выпускаў рух “За свабоду”, але на яе трэба, цытата, “сотні тысяч даляраў”.

На пытанне, чаму ён не падпісаў заяву наконт уваходжання Беларусі ў праграму “Усходняга партнёрства” прапанаваную Зянонам Пазняком, Аляксандр Мілінкевіч адказаў, што час заяваў і адозваў прайшоў і над імі ў Еўропе смяюцца, а чакаюць канкрэтных прапаноў.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ