У Полацку прайшоў метал-фэст

2 жніўня ў полацкім рок-клубе “Live in Rock” прайшоў другі metal-fest. На малой сцэне гарадскога палаца культуры ў гэты вечар гралі такія гурты, як “Raven Throne”, “DevilWaltz” і “Кола Праві”.

“Raven Throne” распачыналі канцэрт і без экстрэмальных выбухаў унутранымі патокамі на сто адсоткаў стварылі атмасферу сапраўды Сold праз black-metal, уносячы у самыя нетры вобразнага “Трона Крумкача”. Заля не супраціўлялася і з ахвотай аддавалася гарачай халадэчы “Трагедыі вечнасці і Суму часу”. Для большай містычнасці месцамі не хапала жаночага back-вакалу, але і гэткі варыянт гуку полацкіх металістаў прыйшоўся да спадобы прысутным.

Затым Полацк закружыўся ў вальсе Д’ябла – “DevilWaltz” прадставіў вялікую праграму са старых і новых матэрыялаў. Адчуваючы сябе на адмысловым спірытычным сеансе, здавалася, вось-вось пад столлю ўбачыш водбліскі адзення танцуючага вальс караля Цемры – так упэўнена і пераканаўча яны гралі. Экспрэсіўна і апантана, тэхнічна і на высокіх хуткасцях, музыкі яскрава раскрылі ўсе асаблівасці полацкага sympho-dark metal-a.

Ад караля Цемры – да паганскіх багоў. “Кола Праві” – апошні раз старым складам і са старой праграмай – завяршалі гэты вечар славянскім pagan-metal-ам. Ужо з першых хвілін выступу гурт патанаў у апладысментах. Кожная кампазіцыя сустракалася як гімн душы, этнічная мелодыка – як эліксір вечнае вяртання да сваіх каранёў і вытокаў. Авацыямі багата адорвалі музыкаў увесь іх выступ – і гэта найяскрава паказала, што мода-модай, а асноўныя каштоўнасці, закладзеныя на генетычным узроўні, жывуць у кожным з нас. А таксама – актуальнасць і запатрабаванасць напамінаў аб іх у час “грандыёзных музычных тэлепраектаў нацыянальнага тэлебачання”. Выбраць форму, дадаць майстэрства, душы ды энтузіязму – і атрымаецца той самы партал часу векавых каштоўнасцей.

Незаўважна metal-fest ператварыўся ў сапраўднае metal-Свята. У паветры – добры настрой, авацыі, драйв. Віншаванні з правядзеннем годнага fest-Свята металічнай афарбоўкі арганізатарам – рок-клубу “Live in Rock” і гурту “Indra”.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ