Канкурсанту з Бразіліі ў Віцебску падарылі беларускі нацыянальны касцюм

На ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ўдзельнікаў сёлетняга конкурса маладых выканаўцаў “Віцебск-2009” канкурсант з Бразіліі Роджар Рыка атрымаў у падарунак беларускі нацыянальны касцюм. Такі сюрпрыз жыхару паўднёваамерыканскага кантынента зрабіла прадпрымства “Белтэлекам”. Роджар быў відавочна задаволены, прымяраючы перад фотакамерамі стыльны саламяны капялюш і разгарнуўшы кашулю з найшыкоўнейшай вышыўкай.
У другі конкурсны дзень бразільскі хлопец праспяваў песню на рускай мове, амаль не скажаючы словаў. Дарэчы, Бразілія ўпершыню ўдзельнічала ў “Славянскім базары ў Віцебску”.
Іншыя маладыя спевакі,у тым ліку тыя, хто не заняў прызавых месцаў, таксама атрымалі падарункі. Беларуса Андрэя Коласава ўзнагародзілі спецыяльнай прэміяй імя Уладзіміра Мулявіна і пуцёўкай у Санкт-Пецярбург. Коласаў і ўладальнік гран-пры конкурса расіянін Дзіма Даніленка атрымалі таксама па ноутбуку ад Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі. Усе канкурсанты павязуць з Віцебска абутак ад “Белвеста” і наборы гарбаты. Спецыяльны прыз расійскай прэсы сёлета дастаўся лаўрэату 3-й прэміі, харызматычнаму Іеронімасу Мілюсу з Літвы, які ў другі конкурсны дзень бліскуча выканаў рок-баладу “Я свободен” з рэпертуара “Арыі”. Дарэчы, на цырымоніі ўзнагароджання літовец не стаў прамаўляць па-руску і папрасіў дазволу казаць па-англійску.

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ